Грамадзянам Беларусі могуць забараніць служыць у арміі Літвы

Законапраект прапануюць прыняць міністр абароны і старшыня парламенцкага камітэта па нацбяспецы.

04.11.2024 / 17:12

Лаўрынас Кашчунас. Скрыншот відэа

Літоўцы, у якіх ёсць грамадзянства краін, выезд у якія забаронены ўрадам, не будуць дапускацца да прафесійнай вайсковай службы, да службы ў добраахвотніцкіх сілах, а таксама да іншых формаў добраахвотнай і абавязковай вайсковай службы. 

Калі асоба, якая ўжо служыць у арміі, набудзе грамадзянства адной з гэтых краін, яна будзе звольненая з вайсковай службы. Папраўкі да закона ўжо зарэгістраваныя, піша LRT.

Прафесійным вайскоўцам забароняць выязджаць у неслужбовы час у краіны, якія ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы — сярод такіх краін называюцца Беларусь, Расія і Кітай.

Міністр абароны Лаўрынас Кашчунас лічыць, што існуе рызыка для бяспекі інфармацыі, звязанай з дзейнасцю сістэмы абароны, да якой ёсць доступ у асоб з грамадзянствам адной з такіх краін. Акрамя таго, ён асцерагаецца, што такія вайскоўцы могуць па ўласнай ініцыятыве ажыццяўляць дэструктыўную дзейнасць супраць сістэмы абароны і Літвы.

У міністэрстве лічаць, што папраўкі павінны гарантаваць, што грамадзянства адной з краін са спісу варожых не зробіць вайскоўцаў патэнцыйным аб'ектам цікавасці і вярбоўкі з боку замежных разведак і службаў бяспекі, і што ў выпадку ўзброенага канфлікту з такімі дзяржавамі не ўзнікне пытання аб выкананні вайскоўцамі свайго канстытуцыйнага абавязацельства па абароне Літвы.

У Літве загінуў былы расійскі неанацыст «Казак», які быў супраць Пуціна

Ва ўсіх беларусаў, якія жывуць у Літве, адклікалі дазволы на зброю

Лукашэнкафэрштэеры не прайшлі ў парламент Літвы

Nashaniva.com