У Перу футбаліста забіла маланка проста падчас гульні

34-гадовы перуанскі абаронца Хасэ Уга дэ ла Крус Меса памёр пасля ўдару маланкі падчас футбольнага матчу. 

04.11.2024 / 16:33

Скрыншот з відэа

Інцыдэнт адбыўся на 23-й хвіліне сустрэчы паміж клубамі «Хувентуд Белавіста» і «Фамілія Чока», які праходзіў у перуанскім горадзе Уанкаё.

Футбалісты абедзвюх каманд пакідалі поле з-за таго, што пачалася навальніца. І якраз у гэтым момант ударыла маланка.

Удар быў настолькі магутным, што відавочцы апісвалі яго як «успышку, якая азарыла ўсё поле». Хасэ Уга дэ ла Крус Меса прыняў на сябе асноўны ўдар стыхіі.

Нягледзячы на аператыўную рэакцыю медыцынскай брыгады і тэрміновае транспартаванне ў бальніцу, выратаваць жыццё футбаліста не ўдалося. Ягоныя таварышы па камандзе, якія знаходзіліся паблізу, атрымалі апёкі.

Гэта здарэнне ўскалыхнула ўвесь перуанскі футбол. Мясцовыя СМІ пішуць пра неабходнасць перагляду правілаў бяспекі падчас неспрыяльных умоў надвор'я. У сацыяльных сетках гучаць заклікі, што кожны стадыён у рэгіёне павінен мець сучасную сістэму маланкааховы.

Пад Навагрудкам маланка спаліла 70 тон саломы

«Такое можна ўбачыць толькі ў кіно». Эстонскі фатограф зняў навальніцу падчас паўночнага ззяння ФОТЫ

Маланка ўдарыла ў чатырох чалавек перад галоўным храмам Узброеных Сіл Расіі

Ці можна карыстацца тэлефонам у навальніцу? Расказвае навуковец

Жыхарка Гродна паказала, як выглядае дачны домік пасля ўдару маланкі

Nashaniva.com