Лукашэнка прапануе адправіць экс-дырэктара «Беларуськалія» паслом у краіну СНД, Бо ён ведае рускую мову
На нарадзе з новым кіраўніком прадпрыемства Лукашэнка падняў пытанне пра лёс Івана Галаватага.
04.11.2024 / 14:47
Іван Галаваты. Фота: Веснік Белнафтахіма
Галаваты кіраваў «Беларуськаліем» дзесяць гадоў — з 2014 года. Цяпер жа Лукашэнка прапануе адправіць яго на дыпламатычную працу. Такую прапанову ён аргументаваў тым, што Галаваты дасведчаны кіраўнік, які ведае рускую мову, піша БелТА.
«Вось толькі што мы прызначылі новага кіраўніка «Беларуськалія». Іван Галаваты вызваліўся. Дасведчаны, талковы кіраўнік. Іх трэба выкарыстоўваць на знешнім трэку ў рамках СНД. Яны ўсе ведаюць рускую мову і ў месцах знаходжання таксама ведаюць рускую мову», — заявіў Лукашэнка.
Ён дадаў, што на далёкую дугу трэба адпраўляць «языкавых людзей».
«Там, дзе далёкая дуга і іншае, людзі павінны быць моўныя. Прынамсі, хоць бы англійскую мову павінны ведаць. Але гэта не значыць, што «ведаю англійскую мову — гэта роўная дарога». Не, ён павінен быць прафесіяналам, павінен быць адданы свайму народу і дзяржаве чалавек», — растлумачыў сваю думку Лукашэнка.
Сёння ён зняў Галаватага з пасады гендырэктара «Беларуськалія». На гэтую пасаду прызначаны экс-кіраўнік «Белнафтахіма» Андрэй Рыбакоў.