Памёр святар Пятро Карнялюк

Ён некалькі дзён знаходзіўся ў рэанімацыі ў Маскве.

04.11.2024 / 10:27

На світанні 4 лістапада на 55-м годзе жыцця памёр айцец Пятро Карнялюк — пробашч францішканскага кляштара ў Маскве, душпастыр беларусаў каталіцкага веравызнання Масквы і Маскоўскага рэгіёна, піша catholic.by.

Пятро Карнялюк нарадзіўся 4 лютага 1970 года ў вёсцы Старое Сяло на Брэстчыне ў каталіцкай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Мінскі ўніверсітэт культуры, які заканчваў у 1994 годзе; пэўны час працаваў у камерным аркестры Брэсцкай філармоніі.

Напрыканцы 1990-х гадоў уступіў у Ордэн францішканаў, манаскую фармацыю праходзіў у Польшчы і Расіі, скончыў вышэйшую духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу і 4 кастрычніка 2007 года прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Нёс служэнне ў розных францішканскіх супольнасцях у Расіі: у Чарняхоўску (Калініградская вобласць), Астрахані, Калузе, Санкт-Пецярбургу.

У апошнія гады быў настаяцелем францішканскага кляштара святога Францішка ў Маскве, дзе вёў душпастырства беларусаў каталіцкага веравызнання Масквы і Маскоўскага рэгіёна, рэгулярна праводзіў для іх набажэнствы на беларускай мове.

1 лістапада айцец Пятро трапіў у шпіталь, і вернікі арганізавалі бесперапынную малітву за яго.

Nashaniva.com