Палітвязня Аляксандра Арановіча будуць судзіць па новай крымінальнай справе. З ім няма сувязі амаль 5 месяцаў
Фігурант «справы Ціханоўскага» Аляксандр Арановіч знаходзіцца ў зняволенні амаль чатыры з паловай гады. Апошнія пяць месяцаў палітвязня ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада. У красавіку 2021 года яго асудзілі да шасці гадоў калоніі паводле двух крымінальных артыкулаў, піша «Вясна».
04.11.2024 / 10:06
Пазней Аляксандру ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў магілёўскую турму. Ужо 14 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Магілёва пачнуць разглядаць новую крымінальную справу супраць палітвязня — за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы» (ч. 2 арт. 411).
Аляксандр — удзельнік каманды «Краіна для жыцця», разам з камандай ездзіў па рэгіёнах Беларусі на арэндаваным аўтадоме. Жыў у горадзе Старыя Дарогі. Ездзіў на заробкі ў Расію, да 2020 года працаваў кіроўцам.
Аляксандра затрымалі 29 траўня 2020 года. Яго абвінавацілі ў «арганізацыі дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак» (арт. 342 КК) і «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» (п. 13 ч. 2 арт. 293 КК) за захоўванне на гарышчы дома ў сваіх бацькоў старой дымавой шашкі. 27 красавіка 2021 года суд прызначыў яму шэсць гадоў калоніі. Пазней палітвязню замянялі рэжым утрымання на турэмны і перавялі ў магілёўскую турму № 4.
Раней «Краіна для жыцця» паведамляла, што Аляксандра, верагодна, змяшчалі ў ШІЗА за адмову падпісваць прашэнне аб памілаванні. Па апошняй інфармацыі, з Аляксандрам няма ніякай сувязі ўжо амаль 5 месяцаў.
Цяпер стала вядома, што 14 лістапада ў Магілёве яго будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы). Разглядаць справу будзе Вікторыя Палякова. Аляксандру могуць дадаць яшчэ два гады зняволення.