Іран рыхтуе магутную атаку на Ізраіль з удзелам арміі
Атака будзе здзейсненая пасля прэзідэнцкіх выбараў у ЗША 5 лістапада, але да інаўгурацыі новага прэзідэнта ў студзені 2025 года.
04.11.2024 / 09:03
Аятала Алі Хаменеі. Фота: Office of the Iranian Supreme Leader via AP
Іран плануе «магутную і комплексную» атаку на Ізраіль, у якой будуць выкарыстаныя не толькі ракеты і дроны, але і салдаты рэгулярнай арміі. Пра гэта ў панядзелак, 3 лістапада, паведаміла газета The Wall Street Journal са спасылкай на чыноўнікаў з Ірана і арабскіх краін.
Па словах іранскага суразмоўцы выдання, новая атака на Ізраіль будзе здзейсненая пасля прэзідэнцкіх выбараў у ЗША 5 лістапада, але да інаўгурацыі новага прэзідэнта ў студзені 2025 года.
Чыноўнік адзначыў, што Тэгеран можа атакаваць Ізраіль у тым ліку праз тэрыторыю Ірака, а таксама нанесці ўдары па ізраільскіх ваенных аб'ектах «значна больш агрэсіўна, чым у мінулы раз».
Іран мае намер задзейнічаць у атацы не толькі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР), але і салдат рэгулярнай арміі, аднак гаворка ідзе пра падтрымку КВІР, а не пра паўнавартаснае разгортванне войскаў у рэгіёне, удакладняюць суразмоўцы WSJ.
«Нашы вайскоўцы страцілі людзей, таму ім трэба адрэагаваць», — патлумачыла іранская крыніца.
Паводле звестак уладаў Ірана, у выніку ізраільскага ўдару ў канцы кастрычніка былі забітыя чацвёра іранскіх вайскоўцаў.