Упершыню ля Чырвонага касцёла ў Мінску не было знічоў і малітваў

У дні малітваў аб памерлых, 1-8 лістапада ля Чырвонага касцёла ў Мінску не з'явіўся стэнд для знічоў, якія сюды штогод прыносілі вернікі ў знак малітвы аб сваіх блізкіх, якія адышлі ў вечнасць, звяртае ўвагу katolik.life.

04.11.2024 / 08:25

Гэта адбылося ўпершыню. Калі храм працаваў, пры ім з'яўлялася шмат знічоў. Але нават пасля закрыцця храма, у папярэднія два гады, стэнд для знічоў, кветкі і спецыяльны кілімак пробашч прыхода выносіў да труны Эдварда Вайніловіча.

Цяпер там нічога няма, прылеглая тэрыторыя не прыбраная, паўсюль ляжыць апалае лісце.

Раней, пасля прызначэння новага пробашча, была зачынена плябанія, дзе штодня здзяйсняліся малітва, выстаўленне святых дароў і імша для вяртання касцёла вернікам.

Пасля змены пробашча прайшло ўжо тры месяцы, але пакуль гэта ніяк не паўплывала на сітуацыю — па знешніх прыкметах, у храме не праводзяць анансаваны рамонт, аб якіх-небудзь дамоўленасцях з уладамі нічога не вядома.

Nashaniva.com