Стаматолаг расказала пра распаўсюджаную памылку наконт малочных зубоў

Некаторыя бацькі не лічаць праблемай разбурэнне малочных зубоў у дзіцяці, бо вырастуць новыя пастаянныя. Але гэта памылковы погляд.

03.11.2024 / 16:49

Ілюстрацыйнае фота: «Мінск-Навіны»

Як тлумачыць галоўная доктарка Мінскага гарадскога дзіцячага клінічнага цэнтра стаматалогіі Яўгенія Коршыкава, малочныя зубы без паталогій служаць падмуркам для фарміравання здаровых сталых зубоў і зубнога раду. Не менш важна, што любы паталагічны працэс у зубах — гэта ачаг хранічнай інфекцыі. Яна можа распаўсюджвацца на розныя органы, выклікаць захворванні печані, нырак, сардэчна-сасудзістай сістэмы і суставаў, знізіць агульную рэзістэнтнасць арганізма, прыводзіць яе словы БелТА.

Акрамя таго, без лячэння малочных зубоў іх можна проста страціць. Як вынік — фарміраванне няправільнага прыкусу і шкілета твару.

— Я ўжо не кажу пра псіхалагічны аспект. Калі ў дзіцяці ёсць нейкі дэфект, які бачны іншым дзецям, гэта можа значна пагоршыць яго сацыялізацыю ў калектыве, — дадала Коршыкава.

Паводле яе слоў, малочныя зубы самі па сабе шырэйшыя, іх карані шырока расстаўленыя і як бы «абдымаюць» пастаянныя зубы. Калі не лячыць карыес, працэс распаўсюджваецца на пульпу і затым выходзіць у перыяпікальныя тканкі. Фармуецца запаленчы ачаг, які ў тым ліку можа прывесці і да гібелі пастаяннага зуба. Да таго ж, сківіцы развіваюцца актыўна толькі пры наяўнасці гэтых часовых зубоў, а пры выдаленні малочнага утворыцца пустата.

— Адпаведна, парушаецца актыўны рост сківіцы. І калі прарэзваецца пастаянны зуб, апрыёры большы, чым малочны, яму ўжо няма месца ў зубным радзе. І ён прарэзваецца зусім не ў тым месцы, дзе павінен быць. Зубы, якія стаяць побач, нахіляюцца — вось вам і наступнае артадантычнае лячэнне, — сказала галоўная доктарка.

Nashaniva.com