«Лі»: фільм пра фатографку часоў Другой сусветнай з Кейт Уінслет

Адгрымела ў пракаце «Субстанцыя» ад рэжысёркі Каралі Фаржа з зорнай Дэмі Мур, і цяпер у свеце выходзіць зусім іншая, але не менш жаночая гісторыя. Гэта «Лі» (Lee), кіно пра фатографку Другой сусветнай, якую сыграла Кейт Уінслет.

04.11.2024 / 22:32

Фота: кадр з трэйлера

Лі Мілер — рэальная гістарычная асоба, якая памяняла, здаецца, занадта шмат амплуа для аднаго жыцця. Некалі мадэль у ЗША, пазней Мілер перабралася ў Парыж, дзе занялася фатаграфіяй. У канцы 1942-га гэта прывяло яе на фронт, дзе Лі стала ваеннай фатографкай. А пасля вайны і цяжкай дэпрэсіі занялася кухарствам і трапіла пад падазрэнні ў шпіянажы на карысць СССР.

Фільм апісвае жыццё Мілер у двух часах. Першы — перыяд з канца 1930-х да канца вайны, дзе Лі ператвараецца з моднай фатографкі ў ваенную карэспандэнтку. 

Мілер таго часу — экстравагантная прыгажуня, здольная, напрыклад, агаліцца цягам свецкай гутаркі за абедам. Яна пераязджае ў Вялікабрытанію з новым каханым, мастаком Роландам Пенроўзам, і выбівае сабе месца фатографкі ў брытанскім Vogue. У Лондане Мілер бачыць нацысцкія бамбёжкі і вырашае, што фронт — тое месца, дзе яна як журналістка цяпер мусіць быць.

Паралельна з гэтым у стужцы разгортваецца другі пласт гісторыі: у 1977-м састарэлая Лі гутарыць з маладым журналістам у атачэнні фотаздымкаў ваеннага часу. І тут сцэнарысты спрабуюць укласці ў вусны Мілер-Уінслет разважанні пра былое: яна кажа, што, нават калі хацела адвярнуцца і не глядзець на жахі вайны, ведала, што не можа, і шукае адказ на пытанне, няўжо ж у тыя апошнія перадваенныя часы не было бачна, як набліжаецца катастрофа. Але ж гэтыя разважанні так і застаюцца на ўзроўні некалькіх сказаў, нібыта выпадкова прамоўленых жанчынай са шклянкай віскі. Тут стваральнікі «Лі», відавочна антываеннага па змесце фільму, губляюць магчымасць перадаць пасланне стужкі яшчэ больш пераканаўча.

Фота: кадр з трэйлера

Але ж свой шанц гэта зрабіць не губляе сама Кейт Уінслет. Яна ўпэўнена перадае трансфармацыю Лі — як прафесійную, так і трансфармацыю яе як чалавека, які паступова пазнае жудасную сутнасць вайны. Ігра Уінслет — той выпадак, калі актрысе не трэба ніякіх хітрыкаў, каб быць пераканаўчай, калі яна здольная граць толькі вачыма ды маленькімі мускуламі твару і ўсё роўна ўдыхаць жыццё ў фільм. 

Цяжка не заўважыць, што «Лі» спрабуе паказаць вайну шмат у чым з жаночага боку, і рэч не толькі ў перспектыве самой Мілер. Гаворка пра эпізоды, сведкай якіх яна становіцца — эпізоды, якія маглі б прайсці міма аб’ектыва камеры, калі б гэтая камера належала фатографу-мужчыне. Вось побыт жанчын на вайсковай базе, вось у вызваленым горадзе юнак спрабуе згвалціць мясцовую жыхарку, а вось жанчыны, толькі нядаўна зняволеныя ў канцлагеры, дзеляць паміж сабой хлеб — і Лі развязвае свае валасы, каб паказаць, што і яна — жанчына, што яна не зробіць ім шкоды. 

Асобна тут стаіць гісторыя Саланж д’Аен, францужанкі і сяброўкі Мілер, бліскуча сыгранай Марыён Каціяр. Саланж аддадзена толькі некалькі эпізодаў экраннага часу (дарма!), але гэта ўражвальная гісторыя, і яна зноў пра трансфармацыі — як за некалькі гадоў вайны змянілася поўная жыцця арыстакратка.

Прыгожая даніна памяці Лі — тое, як у фільме спрабавалі адрадзіць гісторыі, што стаяць за яе знакавымі фота. У стужцы ўвогуле шмат значных ліній: Мілер і вайна, Мілер і яе каханы, які хоча вярнуць яе з вайны дахаты, Мілер і змаганне са стэрэатыпамі наконт ваеннай фатографкі-жанчыны, багата гісторый, якія Лі бачыць на вайне, але якія растаюць адна ў адной, бо ім проста не дадзена дастаткова экраннага часу.

Фота: кадр з трэйлера

Зразумела, што кожную гісторыю не раскажаш, і што так яно і было ў жыцці сапраўднай Лі. Яна не магла надаваць кожнаму лёсу дастаткова ўвагі, і так гэтыя людзі і праляталі ў яе жыцці, як знічкі.

Відавочна, аднак, што ў стваральнікаў «Лі» атрымалася эмацыйна ўражвальнае антываеннае кіно, што вельмі своечасова, і не дзіва, калі ў сакавіку Кейт Уінслет атрымае за гэтую ролю другі «Оскар» у сваім жыцці. Здаецца, што гэтая ўзнагарода, калі яна будзе, акажацца ў багажы «Лі» адной з нешматлікіх, калі не адзінай.

Кіно, аднак, атрымалася вартым прагляду — дзякуй Уінслет. Калі вам у кіно важная візуальная частка, «Лі» таксама не расчаруе. Але культавым гэтаму баёпіку не быць.

«Супернікі» — гарэзлівы серыял пра сэкс, інтрыгі і брытанскія эліты

«Субстанцыя»: новы хорар з Дэмі Мур не шкадуе нікога

Суперзоркі, дасціпны гумар і заблытаныя забойствы. На экране чацвёрты сезон ледзь не дасканалага дэтэктыва

Вера Белацаркоўская