У Лельчыцах збіраюцца разліваць айчынныя Spa і Perrier

У Лельчыцкім раёне знайшлі крыніцу ультрапрэснай мінеральнай вады, і таму мясцовыя ўлады нацэліліся стварыць вытворчасць па яе разліве, пішуць «Моцныя навіны».

02.11.2024 / 18:55

Фота: freepik.com

Мясцовыя ўлады падрыхтавалі інвестпраект «Стварэнне прадпрыемства па здабычы і разліву прыроднай натуральнай ультрапрэснай і дзіцячай пітной вады вышэйшай катэгорыі».

У Нацыянальным агенцтве інвестыцый і прыватызацыі адзначаюць, што на беларускім Палессі выявілі адметныя па сваім складзе ультрапрэсныя падземныя воды з мінералізацыяй ад 15 да 20 міліграмаў на літр.

«Як па мінералізацыі, так і па змесце асноўных кампанентаў хімічнага складу воды ў раёне вёскі Дуброўкі Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці аналагічныя ультрапрэсным водам вядомых марак еўрапейскіх краін. Такіх, як Spa (Бельгія), Evian і Perrier (Францыя), Voss (Нарвегія), Celtic (Германія), Levissima (Італія) і іншых», — гаворыцца ў прэзентацыі праекта.

Пляцоўка, на якой хочуць стварыць вытворчасць, знаходзіцца больш чым за кіламетр ад Дуброўкі, якая адносіцца да зоны радыеактыўнага забруджвання. Аўтары праекта мяркуюць, што неабходна інвеставаць у справу каля 600 тысяч даляраў, а акупіцца ўсё гэта прыкладна ў 3,5 года.

Акрамя таго, у Лельчыцкім раёне хочуць пабудаваць лячэбна-турыстычны комплекс на аснове крыніцы ультрапрасных падземных вод. У праекце гаворка ідзе пра нумарны фонд на дзвесце месцаў.

Запланаваныя выдаткі — каля 10 мільёнаў даляраў. Інвестыцыі збіраюцца адбіць за кошт прамога збору платы з наведвальнікаў комплексу.

Гэтая задума ўзнікла ў Лельчыцах як адказ на дадзенае летам 2022 года даручэнне Лукашэнкі пачаць рэалізацыю ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». Паводле яе, у кожным раёне мясцовыя вертыкальшчыкі павінны прыдумаць хоць бы адзін інавацыйны праект, які яны могуць рэалізоўваць на мясцовай глебе. 

Якія тавары ад сёння больш нельга прывезці ў Беларусь

Афёра на 3 млрд: Nestlé гадамі прадавала ваду з крыніц з фекаліямі і бактэрыямі пад выглядам прыроднай мінеральнай

У Беларусі ўжо +37,5°С. У сервісе дастаўкі прадуктаў знікла папулярная мінеральная вада

Nashaniva.com