Кансерватыўную партыю Брытаніі ўпершыню ўзначаліў цемнаскуры палітык

Брытанская Кансерватыўная партыя нарэшце абрала новага лідара пасля сакрушальнай паразы на выбарах чатыры месяцы таму. Кемі Бадэнак зменіць Рышы Сунака на чале торы і пачне доўгі і цяжкі пяцігадовы працэс адраджэння партыі, якая стагоддзямі дамінавала ў брытанскай палітыцы, але пасля брэксіту раскалолася і развалілася, піша Бі-бі-сі

02.11.2024 / 15:45

Кемі Бадэнак. Фота: Alberto Pezzali / AP

Яшчэ ў 2019 годзе торы — партыя Уінстана Чэрчыля, Маргарэт Тэтчар і Борыса Джонсана — атрымала на выбарах моцную большасць, але ўжо ў чэрвені 2024-га пацярпела самую буйную паразу ад лейбарыстаў у сучаснай гісторыі. З 365 дэпутатаў 650-мясцовай Палаты грамадаў у іх засталося толькі 121.

Тады і адбыліся дзіўныя спаборніцтвы паміж прэтэндэнтамі на ролю капітана патанулага «Тытаніка», у якіх спачатку бясспрэчна лідзіраваў умераны кандыдат, былы міністр замежных спраў Джэймс Клеверлі, але ў выніку перамагла прадстаўніца крайне правага крыла Кемі Бадэнак, экс-міністр гандлю ў кабінеце Сунака. Супраць яе выступаў яшчэ больш радыкальны экс-міністр іміграцыі Роберт Джэнрык, які пабудаваў кампанію на антыіміграцыйнай рыторыцы.

У выніку перамогу атрымала Бадэнак, якая прапанавала членам Кансерватыўнай партыі пры выбары новага лідара галасаваць за тых, хто ім асабіста больш імпануе, а не за тых, хто абяцае зрабіць тое, што ім імпануе.

Паколькі наступныя выбары ў парламент толькі праз пяць гадоў, зараз гаворка ідзе пра аднаўленне даверу да торы, а не пра барацьбу за ўладу.

Бадэнак стала першай у гісторыі чарнаскурай на пасадзе лідара вядучай палітычнай партыі Вялікабрытаніі. Яна нарадзілася ў сям'і выхадцаў з Нігерыі.

Паводле Джэнрыка, торы прайгралі выбары, бо мільёны брытанцаў прагаласавалі за антыіміграцыйную партыю «Рэформа» Найджэла Фараджа. Джэнрык фактычна заняў аналагічную пазіцыю і заклікаў дэнансаваць Еўрапейскую канвенцыю па правах чалавека. Бадэнак не такая радыкальная ў пытанні іміграцыі, якое турбуе толькі палову брытанцаў, але публічна выказвалася разчэй за Джэнрыка па іншых пытаннях і заваявала рэпутацыю правакацыйнага палітыка.

Апытанні членаў кансерватыўнай партыі паказваюць, што яны аддалі перавагу б больш умеранаму кандыдату. І такі кандыдат у іх нават быў — Джэймс Клеверлі ўпэўнена лідзіраваў у гонцы за крэсла старшыні апазіцыйнай партыі, аднак нечакана фінішаваў трэцім у папярэднім галасаванні дэпутатаў фракцыі торы.

Між двума фіналістамі — Бадэнак і Джэнрыкам — выбіралі ўжо не дэпутаты, а простыя члены партыі. Клеверлі маўчаў да канца гэтых спаборніцтваў, але ў пятніцу газета FT апублікавала яго першыя прызнанні, зробленыя за абедам у шыкоўным лонданскім рэстаране.

«Троху было не па сабе… уф, як удар у жывот», — прызнаўся відавочны фаварыт гонкі, у выніку які апынуўся на галёрцы парламента.

Ён вінаваціць тактычнае галасаванне: яго прыхільнікі выбіралі яму зручнага суперніка для фінальнага раўнда, але ў выніку перастараліся, і яму самому не хапіла галасоў для выхаду ў фінал.

«Я казаў ім шмат разоў: не трэба гэтай крэмленалогіі, — цытуе FT прызнанні Клеверлі за абедам з баранінай і парфэ з качынай печані. — Але я вынес важны ўрок: заўсёды трэба галасаваць за, а не супраць».

Nashaniva.com