Двое мінскіх тынейджараў утапілі ў Свіслачы шэсць электрасамакатаў

Падлеткі позняй ноччу вярталіся з камп'ютарнага клуба. Праходзячы па набярэжнай Свіслачы, прыяцелі ўбачылі чатыры шэрынгавыя самакаты. Адзін з хлопцаў прапанаваў кінуць іх у раку, што яны і зрабілі.

02.11.2024 / 15:19

Ілюстрацыйнае фота

Праз некалькі дзён маладыя людзі ўтапілі яшчэ два электрасамакаты. Агульная сума нанесенай шэрынгавай кампаніі шкоды склала больш за 3 600 рублёў, пішуць Мінск-навіны.

Хлопцаў вылічылі дзякуючы запісам камер відэаназірання, у дачыненні да іх распачалі крымінальную справу. Свае ўчынкі прыяцелі так і не змаглі выразна растлумачыць.

— Адзін з абвінавачаных навучаецца ў 10-м класе адной са школ, яго сябра — навучэнец каледжа, які раней ужо меў праблемы з законам, — пракаментаваў намеснік пракурора Цэнтральнага раёна Андрэй Нікольскі.

Віну маладыя людзі прызналі цалкам, у зробленым раскаяліся.

У дачыненні да абвінавачаных абраная мера стрымання ў выглядзе аддачы непаўналетніх пад нагляд.

Nashaniva.com