У Літве загінуў былы расійскі неанацыст «Казак», які быў супраць Пуціна
Неанацыст Дзмітрый Новікаў за сваю дзейнасць правёў у турме 14 гадоў. Калі ў 2019 годзе вызваліўся, то ўцёк з Расіі ва Украіну. А апошнія гады жыў у Літве.
02.11.2024 / 14:23
Дзмітрый Новікаў. Фота: t.me/mash
Як пішуць расійскія тэлеграм-каналы, 23 кастрычніка ў Літве недалёка ад вёскі Яўнішкес, на трасе Рыга — Шаўлі — Таўрогі — Калінінград грузавік збіў мужчыну, які ад атрыманых траўм памёр на месцы. Як высветлілася пазней, ахвярай стаў адзін з вядомых у мінулым актывістаў неанацысцкага руху ў Татарстане Дзмітрый Новік па мянушцы «Казак».
За свае неанацысцкія погляды Новікаў правёў за кратамі 14 год. Першы тэрмін — 4 гады — ён атрымаў ва ўзросце 21 года, калі здзейсніў напад з нажом на свайго ідэйнага ворага — актывіста левых поглядаў. Пасля вызвалення ў 2008 годзе Новікаў стварыў моладзевую неанацысцкую групоўку «Казанская дывізія», якая арганізоўвала так званыя «белыя патрулі», падчас якіх збіваліся людзі неславянскай знешнасці.
У 2010 годзе яго зноў затрымалі за групавыя напады на антыфашыстаў, што прывяло да новага тэрміну зняволення — яшчэ 3,5 года. Да якога неўзабаве дадалі год за стварэнне экстрэмісцкай групоўкі.
Нягледзячы на знаходжанне ў турме, Новікаў працягваў кіраваць «Казанскай дывізіяй» і нават падбухторваў сваіх прыхільнікаў да спробы падпалу будынка ўсетатарскага грамадскага цэнтра ў Казані.
Сілавікам удалося перахапіць перапіску і прадухіліць падпал. У выніку Новікаву дадалі яшчэ чатыры гады. Сам жа ён у інтэрв'ю літоўскім журналістам сцвярджаў, што справа была сфабрыкаваная.
У 2014 годзе, па словах самога Новікава, яму прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні і адправіцца ў зону баявых дзеянняў у Данецкай і Луганскай абласцях. Але ён адмовіўся. Аднаму з літоўскіх выданняў Новікаў расказваў, што ў калоніі падвяргаўся катаванням і псіхічнаму ўздзеянню.
Апошнюю судзімасць — 2,5 года калоніі за экстрэмізм у інтэрнэце — Новікаў атрымаў неўзабаве пасля вызвалення. Мужчына сцвярджаў, што яго абвінавацілі ў рэпосце нейкіх выказванняў, якія ён не рабіў.
Дмітрый Новікаў у 2021 годзе. Фота: lrt.lt
Урэшце Новікаў з'ехаў ва Украіну і папрасіў там палітычны прытулак. Сцвярджаў, што «адным з першых выказваўся, што Пуцін і яго чыноўнікі — галоўныя ворагі Расіі», праводзіў мітынгі, а таксама падтрымліваў «Азоў».
Калі ж у прытулку было адмоўлена, то ў сакавіку 2021 года Новікаў праз Беларусь перабраўся ў Літву. Па ягоных словах, туды ён трапіў нелегальна па балотах.
У інтэрв'ю літоўскаму выданню ў 2021 годзе Новікаў расказваў, што, знаходзячыся ва Украіне ён займаўся арганізацыяй пратэстаў у абарону Аляксея Навальнага, даваў інтэрв'ю і расказваў пра тое, што адбываецца ў калоніі ва Уладзіміры.
23 кастрычніка 2024 года Новікаў пры загадкавых абставінах трапіў пад колы фуры.
У расійскім Валгаградзе раней судзімы за разбой ветэран забіў ветэрана-забойцу
Пад Масквой расстралялі высокапастаўленага афіцэра ГРУ — ён толькі вярнуўся з вайны ва Украіне
У ЗША шэрыф застрэліў суддзю проста ў будынку суда