Беларускі святар у Маскве трапіў у рэанімацыю
Ён у цяжкім стане на ШВЛ.
02.11.2024 / 13:16
1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх святых, святар-манах Пётр Карнялюк трапіў у лякарню. Ён знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане, ляжыць пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх, ёсць пагроза жыццю, паведамляе katolik.life
Айцец Пётр — францішканін, родам з Беларусі, ужо шмат гадоў служыць у Маскве. Святар вядомы сваімі музычнымі талентамі, за што яго называюць «скрыпачом Бога». Для беларускай супольнасці ў Маскве айцец Пётр перыядычна адпраўляе святыя імшы па-беларуску.
Паводле інфармацыі вернікаў, раніцай 1 лістапада айцец Пётр раптам адчуў сябе кепска. Як паведамілі раніцай 2 лістапада францішкане ў Расіі, святар знаходзіцца ў інфекцыйнай лякарні ў Маскве — па апошняй інфармацыі, у яго менінгіт. Вернікаў просяць аб малітве.
Айцец Пётр скончыў музычнае вучылішча ў Брэсце, універсітэт культуры ў Мінску, а затым — Каталіцкую духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу.