З Лошыцкага яра знік крыж ахвярам бальшавіцкага тэрору
Лічыцца, што ў гэтым урочышчы ў 1937—1941 гады органы НКУС праводзілі масавыя расстрэлы.
02.11.2024 / 12:59
Крыж ахвярам бальшавіцкага тэрору ў Лошыцкім яры. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
На гэта звярнуў увагу тэлеграм-канал «Спадчына».
Мемарыяльны крыж ахвярам бальшавіцкага тэрору быў пастаўлены на ўскрайку Лошыцкага парку ў 1990-я гады высілкамі Свіслацкага аддзялення Мінскай арганізацыі Беларускага Народнага Фронту і аб’яднання Мартыралог Беларусі. Драўляны крыж вышынёй у пяць метраў быў спраектаваны вядомым мастаком Міколам Купавам.
Месца, дзе стаяў крыж, сёння. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Ён нагадвае пра брацкую магілу, у якой спачываюць ахвяры НКУС. Напрыканцы 1990-х гг. пачалася забудова тэрыторыі гаражамі, таму знайсці крыж складана. Лошыцкі парк знаходзіцца на паўднёвай ускраіне Мінска. У 19 стагоддзі тут паўстаў маёнтак з вялікім паркам, які быў канфіскаваны пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1917 г. Падчас грамадзянскай вайны з 1918 па 1920 гг. тэрыторыя выкарыстоўвалася ў розных мэтах, пакуль у сярэдзіне 1920-х гг. не была падзелена.
У сярэдзіне 1920-х гг. былы маёнтак у Лошыцы быў падзелены: на адной частцы парку размясцілася сельскагаспадарчая даследчая ўстанова, у той час калі сама сядзіба была перададзена АДПУ, пазней перайменаванаму ў НКУС.
Тут размясціўся аддзел спецыяльнага прызначэння, які займаўся падрыхтоўкай савецкіх разведвальных і дыверсійных груп. У 1920-х і 1930-х гг. дадзеныя групы перакідваліся праз савецка-польскую мяжу, якая праходзіла непадалёк ад Мінска, і павінны былі займацца там антыпольскай падпольнай дзейнасцю.
У сваю чаргу шмат людзей з Польшчы хацела перабрацца ў Савецкі Саюз, дзе яны спадзяваліся на лепшае жыццё, паверыўшы камуністычнай прапагандзе. Савецкая дзяржбяспека сустракала іх з недаверам, бачачы ў іх патэнцыйных шпіёнаў і ворагаў.
Сцвярджаецца, што сотні арыштаваных уцекачоў траплялі такім чынам у Лошыцу, дзе многія былі расстраляныя і пахаваныя ў пясчанай яме ў паўночна-ўсходняй частцы парку.
Пасля прыходу нямецкіх войск у Мінск у 1941 г. маёнтак у Лошыцы быў заняты мінскім акруговым камісарам. Падчас акупацыі там была расстраляна невядомая колькасць яўрэяў і партызан, якіх хавалі ў іншай яме.
Зянон Пазняк сцвярджае, што пра расстрэлы ў Лошыцы даведаўся ў 1988 годзе, калі апытваў мясцовых. Улетку таго ж года, калі вяліся археалагічныя раскопкі і эксгумацыя ў Курапатах, месца расстрэлу ў Лошыцы, па яго словах, было засыпанае грунтам, каб схаваць сляды злачынстваў бальшавікоў.
Калі ён вярнуўся сюды ў 1989 годзе, каб зрабіць разметку пад археалагічныя раскопкі, то ўбачыў, што яр засыпаны, а на яго месцы размясціліся гаражы. Пазняк казаў, што спрабаваў з групай моладзі пракапаць наўгад галечны жвір, але яму гэта не ўдалося.
Мітынг каля крыжа на Дзяды ў 2016 годзе. Фота: Радыё Свабода
Са слоў сведкаў расстрэлаў Зянон Пазняк таксама распавядае пра тое, што тут у 1937 годзе расстрэльвалі людзей кожны дзень, а нкусаўцы ахвотна давалі камсамольцам пастраляць у ворагаў народа і нават 20 сталінскіх капеек (гэта цана пачкі запалак) за адзін стрэл і адно забойства. Лічыцца, што ў Лошыцы забілі і закапалі не менш за дзесяць тысяч чалавек.
Лошыцкі яр стаў традыцыйным месцам, куды штогод на Дзяды прыходзілі з памятнымі шэсцямі.
Дыпламаты краін ЕС наведалі Курапаты ФОТЫ
Вандалы знішчылі крыжы і стэнды ў «віцебскіх Курапатах»
Прапагандысты пахваліліся вандалізмам у Курапатах ФОТЫ
У Курапатах зноў паламалі крыжы