«Самы нізкі паказчык ВУП за 27 гадоў». Улады расказалі, як эканоміка прасела пасля пачатку вайны
«У нас былі страчаныя асвоеныя раней рынкі збыту, разарваныя лагістычныя ланцужкі».
01.11.2024 / 17:14
Першая намесніца старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Алена Кухарэвіч расказала БелТА, што ў 2022-м санкцыі моцна адбіліся на беларускай эканоміцы.
«У 2022 годзе Рэспубліка Беларусь сутыкнулася з беспрэцэдэнтнымі санкцыямі ў свой адрас (у дадатак да ўжо ўведзеных). Гэта, вядома, рэзка пагоршыла працу ў цэлым усёй эканомікі. Зразумела, былі ў нас страчаныя асвоеныя раней рынкі збыту, разарваныя ланцужкі лагістычныя, кааперацыйныя, узніклі нейкія праблемы з аплатай знешнегандлёвых абавязацельстваў. Была забарона на тэхналагічны імпарт, забарона наогул на імпарт асобных тавараў. Вось гэтая вось карціна перш за ўсё фармавала негатыўныя рэйтынгі, у тым ліку і Сусветнага банка», — пракаментавала першая намесніца старшыні Белстата.
Па выніках 2022 года ВУП Беларусі ўпаў прыкладна на 5%. «Гэта наогул быў самы нізкі паказчык ВУП за 27 гадоў у гісторыі нашай краіны, — прызнала Алена Кухарэвіч. Але яна сцвярджае, што аператыўныя меры, якія прыняў урад у 2023 годзе, дазволілі змяніць сітуацыю.
З мая 2023 года ВУП пачаў аднаўляцца. Па выніках мінулага года ВУП вырас на 3,9 працэнта — але гэта з улікам нізкай базы 2022-га.
Па абноўленым прагнозе Сусветнага банка ВУП Беларусі за 2024 год павялічыцца на 4%, а ў 2025-м — на 1,2%.
Недахоп работнікаў у Беларусі выклікаў нечаканы пабочны эфект
Ці абваліцца рубель? Што чакае эканоміку ў наступным годзе