Жыхар расійскага Сыктыўкара паедзе на вайну за пляшку гарэлкі
Паход у краму прывёў да заключэння кантракту з Мінабароны.
01.11.2024 / 17:01
Фота: Baza
39-гадовы Віталь раніцай 27 кастрычніка вельмі дрэнна сябе адчуваў: напярэдадні ён моцна перабраў з алкаголем. Мужчына адправіўся ў найбліжэйшую краму, каб пахмяліцца. Там ён узяў маленькую бутэльку гарэлкі і пайшоў дадому, не заплаціўшы, піша Baza.
На наступны дзень прадаўцы заўважылі, што не хапае адной пляшкі. Яны напісалі заяву ў паліцыю, злодзея знайшлі па камерах. Крадзеж адной маленькай бутэлькі за 200 расійскіх рублёў (2 даляры) мог бы абмежавацца адміністрацыйным пакараннем, калі б У Віталя не было праблем з законам раней: ён ужо прыцягваўся за дробны крадзеж.
29 кастрычніка на раней судзімага мужчыну завялі крымінальную справу аб крадзяжы. Следчыя адразу прапанавалі Віталю падпісаць кантракт і адправіцца на вайну, і мужчына пагадзіўся.
Як Віталь расказаў паліцыянтам, ён адчуваў дваістае пачуццё: з аднаго боку, ён і раней думаў паехаць ваяваць, а з другога — ён моцна абураны тым фактам, што за крадзеж у 2 даляры яму прапанавалі падпісаць кантракт.
Беларусаў вярбуюць у расійскае войска праз інстаграм