У Польшчы знаходзяцца больш за 200 тысяч беларусаў

Такімі звесткамі падзяліўся кіраўнік управы ў справах замежнікаў Польшчы Томаш Цытрыновіч.

01.11.2024 / 15:38

Фота: тэлеграм-канал Паўла Латушкі

Правам на пражыванне на тэрыторыі Польшчы валодаюць 137 тысяч беларусаў. Такой статыстыкай Цытрыновіч падзяліўся на сустрэчы з кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам.

Усяго, улічваючы справы, якія знаходзяцца на разглядзе ў Упраўленні, у Польшчы знаходзяцца больш за 200 тысяч беларусаў.

Цытрыновіч запэўніў, што новая міграцыйная стратэгія, прадстаўленая ўрадам, не закране абсалютную большасць беларусаў, якія легалізаваліся або плануюць легалізавацца ў Польшчы.

«Тыя, хто маюць легальную працу, сям’ю ў Польшчы або адстойвалі дэмакратычныя каштоўнасці ў Беларусі і былі вымушаны пакінуць тэрыторыю краіны, а галоўнае — выконваюць польскае заканадаўства, не павінны хвалявацца аб будучых зменах у міграцыйнай палітыцы Польшчы. Змены накіраваны, перш за ўсё, на супрацьдзеянне нелегальнай і некантралюемай міграцыі», — паведаміў Цытрыновіч.

Чыноўнік анансаваў больш сур’ёзныя праверкі мэтавага выкарыстання віз. Пры гэтым, паводле яго слоў, міграцыйная стратэгія будзе скіравана, перш за ўсё, на абарону Польшчы ад мігрантаў, якія штурмуюць польскую мяжу.

Нагадаем, што міграцыйная стратэгія на бліжэйшыя пяць гадоў, прынятая ўрадам Дональда Туска, прадугледжвае ўзмацненне візавага кантролю, правілаў выдачы карт паляка і набыцця грамадзянства. Стратэгія мяркуе ўвядзенне новых мер, накіраваных на інтэграцыю мігрантаў у польскае грамадства. Акрамя таго, прадугледжваецца магчымасць часовага прыпынення прыёму заяў на атрыманне прытулку ў Польшчы ў выпадку вострага крызісу на мяжы.

Польскім уладам яшчэ трэба распрацаваць і прыняць адпаведнае заканадаўства.

Nashaniva.com