Былога дырэктара шклозавода «Нёман» асудзілі на 12 гадоў за «дзяржздраду»
Ігар Бацян больш за 12 гадоў узначальваў шклозавод «Нёман». Менавіта пры яго кіраванні звальнялі з працы вядомых грамадскіх актывістаў.
01.11.2024 / 13:03
Ігар Бацян. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Паводле неафіцыйнай інфармацыі былому дырэктару шклозавода «Нёман» і дзяржаўнаму функцыянеру Ігару Бацяну прысудзілі 12 гадоў калоніі, паведамляе «Гродзенская праваабарона».
Ігар Бацян больш за 12 гадоў узначальваў шклозавод «Нёман». Менавіта пры яго кіраванні звальнялі з працы вядомых грамадскіх актывістаў, у тым ліку Сяргея Пантуса.
Пасля вызвалення з пасады Бацян сышоў у кіраўніцтва дзіцяча-юнацкім хакеем Беларусі, а пасля апынуўся ў цені.
Потым стала вядома, што Бацян знаходзіцца ў СІЗА, прычым артыкул — палітычны, хоць мужчына не быў заўважаны ніякім праявамі апазіцыйнасці ці ўдзелу ў дэмакратычным руху.
У 2020-м Бацян публічна ніяк сябе не праявіў.
16 жніўня, у дзень найбольш масавых у гісторыі сучаснай Беларусі пратэстаў, ягоны тэлеграм-акаўнт уступіў у вялікую суполку ябацек «За Беларусь!», але нічога не пісаў.
Суд над Бацяном пачаўся 26 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе. Яго абвінавачвалі ў «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Яму пагражала ад 7 да 15 гадоў калоніі. Акалічнасці справы невядомыя.
Экс-дырэктара шклозавода «Нёман» судзяць за здраду дзяржаве. Пагражае да 15 гадоў