Час чакання вырас, цана таксама. З-за новых правіл працы таксі некаторыя пасажыры сутыкнуліся з праблемай

Раніцай сітуацыя наступная: попыт павышаны, каэфіцыент досыць высокі. Але не рэкордны — прынамсі, пра калапс гаворка не ідзе. Але звяртае на сябе ўвагу значны час падачы аўто, піша Onliner.by.

01.11.2024 / 13:12

З сённяшняга дня ўступаюць у сілу новаўвядзенні ўказа №32 «Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў».

Пачынае працаваць «Рэестр аўтаперавозак пасажыраў у нерэгулярным злучэнні», які змяшчае звесткі аб перавозчыках (аўтобусах, легкавых аўтамабілях, аўтамабілях-таксі), кіроўцах, дыспетчарах. І з сённяшняга дня ўсе, хто працягне працаваць у нерэгулярных перавозках, не ўключыўшыся ў рэестр, будуць лічыцца нелегаламі і несці адказнасць па артыкуле 13.3 КоАП «Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць» (пакаранне — аж да канфіскацыі транспартнага сродку).

Галоўнае пытанне, якое хвалюе абывацеля: як гэта адаб'ецца на працы таксі? Бо попыт напэўна застанецца ранейшым, ці зможа яго задаволіць прапанова, ці будзе дастаткова кіроўцаў таксі, асабліва на першым часе пасля ўступлення новаўвядзенняў у сілу?

Раніцай сітуацыя наступная: попыт павышаны, каэфіцыент досыць высокі. Але не рэкордны — прынамсі, пра калапс гаворка не ідзе. Але звяртае на сябе ўвагу значны час падачы аўто.

Журналісты атрымалі нямала водгукаў ад чытачоў за гэтую раніцу. Агульная выснова такая: усе адзначаюць альбо павелічэнне кошту звычайных паездак, альбо павелічэнне часу чакання таксі, альбо і тое, і іншае.

— Сёння каля 08:30 не маглі выклікаць таксі з Уручча, сышло хвілін 40. Пераспрабавалі ўсе тарыфы пры гэтым — машына не знаходзілася. З цяжкасцю выклікалі. Кошт — 25 рублёў, але гэта паездка за МКАД, такі кошт і раней часам бываў, — падзялілася чытачка.

— За 8 км сёння са Сцяпянкі да Дзянісаўскай кошт быў удвая вышэйшы! А я ж езджу ў адзін і той жа час заўсёды, — яшчэ адна скарга.

— Я жыву ў Мар'інай Горцы. Таксі было як звычайна, а вось кошт вырас на 2 рублі, — распавёў яшчэ адзін чытач.

— Гэта жах. Мы цэлую гадзіну не маглі выклікаць машыну, я нават патэлефанаваў на гарачую лінію Транспартнай інспекцыі. У мяне людзі спазніліся на цягнік і не з'ехалі проста, — распавёў іншы чытач.

— У Малінаўцы раніцай было не выклікаць машыну за наяўныя. А па безнаяўным разліку — 15 хвілін чаканне, — сцвярджае яшчэ адзін суразмоўца.

— Учора маршрут каштаваў 8,1 рубля, сёння — больш за 17 рублёў, — канстатуе карыстальнік таксі.

— У панядзелак, 28 кастрычніка, без павышальных каэфіцыентаў паездка з Серабранкі на ўсход у тарыфе «камфорт» каштавала 14 рублёў. Зараз праверыў — 21 рубель у «эканоме» без павышаючых каэфіцыентаў. Час і надвор'е прыкладна аднолькавыя. Выдатнае паляпшэнне, вельмі падабаецца, — распавядае чытач.

На рост кошту паскардзіўся і карыстальнік таксі з Мінска: за паездку працягласцю 19 хвілін яму патрабавалася заплаціць мінімум 22,8 рубля (тарыф «эканом»), за 25-хвілінную паездку — прынамсі 35 рублёў.

— Гэта проста космас! Да Берасця ў купэ можна даехаць за 27 рублёў, — абураны ён.

Іншы чытачы сцвярджаюць, што многія кіроўцы таксі сёння выйшлі на працу яшчэ і таму, што агрэгатар увёў значны каэфіцыент для працы ў Мінску, а таксама іншыя бонусы.

Аднак, нягледзячы на каэфіцыенты, да абеду сэрвіс «Яндэкс Go» стаў папярэджваць карыстальнікаў аб тым, што кіроўцаў на лініі менш, чым звычайна.

«Калі спяшайцеся, лепш выбраць іншы транспарт», — пазначана ў дадатку. Здаецца, і не ўспомніць, калі яшчэ бывала такое папярэджанне.

Nashaniva.com