Святлана Лабада выгнала са свайго канцэрту расіянку, якая адмовілася асудзіць палітыку Пуціна
Інцыдэнт з удзелам украінскай спявачкі Святланы Лабады адбыўся падчас яе канцэрту ў Ерэване.
31.10.2024 / 18:37
Святлана Лабада. Фота: Scanpix
Падчас шоу Лабада паклікала на сцэну адну з глядачак, якой аказалася расіянка па імені Юлія. Артыстка папрасіла яе выказацца ў мікрафон і выразна асудзіць дзеянні расійскіх уладаў, а калі пачула адмову, то адрэагавала бескампрамісна.
Лабада рашуча папрасіла расіянку пакінуць залу.
«Вы па-за палітыкай? Калі вы прыйшлі на мой канцэрт, то павінны падтрымліваць маю пазіцыю. Калі не — вам лепш пайсці, размаўляць далей я не буду», — заявіла Святлана Лабада.
Сама Лабада вяла актыўную канцэртную дзейнасць у Расіі пасля акупацыі гэтай краінай украінскага Крыма, а ў 2015 годзе таксама спявала 9 мая на мерапрыемстве, прысвечаным перамозе Савецкага Саюза ў Другой сусветнай вайне. Аднак пасля пачатку інтэнсіўных баявых дзеянняў у лютым 2022 года выканаўца з'ехала на Захад і заняла патрыятычную пазіцыю. Сярод іншага яна аказвала дапамогу пацярпелым ад расійскай агрэсіі.
Праўда, ранейшыя грахі ёй час ад часу адгукаліся. Калі ў 2022 годзе спявачка хацела выступіць на дабрачынным мерапрыемстве ў Латвіі, прысвечаным падтрымцы Украіны, арганізатары ёй гэтага не дазволілі. Акрамя таго, калі ў лістападзе 2022-га Лабада планавала канцэртны тур па буйных гарадах Літвы, то яе хацелі дадаць у спіс непажаданых у Літве асоб. Праўда, пасля гэтага рабіць не сталі.
Што супольнага паміж Святланай Лабадой і спеваком Хабібам?
Святлана Лабада: З гэтага моманту ў мяне пачалося новае жыццё, жыццё ў пекле