З Расіяй у футбол пагадзілася згуляць 184-я зборная свету. Але і яна выставіць аматараў
У адхіленай ад міжнародных спаборніцтваў з-за вайны супраць Украіны зборнай Расіі вялікія праблемы з пошукам супернікаў.
31.10.2024 / 18:00
Зборная Расіі падчас матчу з сербамі ў сакавіку. Фота: Сега Каракан / Anadolu праз Getty Images
Не гараць жаданнем гуляць з расейцамі нават зборныя з краін, якія Крэмль называе «дружалюбнымі». З вялікай цяжкасцю Расійскаму футбольнаму саюзу ўдалося знайсці супернікаў на лістапад: зборныя Брунея і Сірыі. Аднак і тут узніклі праблемы.
Аказалася, зборная Брунея, якая займае 184-е месца ў рэйтынгу ФІФА, не зможа выставіць на матч з расіянамі асноўны склад, паколькі гульцы пайшлі ў адпачынак, піша «Спорт-экспресс».
У Брунеі да гульні рыхтуюць другую каманду, у якой практычна няма прафесійных футбалістаў. Гэтая каманда знаходзіцца на балансе арміі Брунея. Ва ўсіх гульцоў ёсць асноўная праца, у футбол яны гуляюць па вечарах. Гэта значыць, зборнай Расіі давядзецца гуляць з аматарамі.
Пры гэтым у РФС заявілі, што па дамове аб арганізацыі матча зборная Брунея павінна гуляць асновай. Але, мабыць, нешта пайшло не так.
Матч Расія — Бруней пройдзе ў Краснадары 19 лістапада. На 15 лістапада ў Валгаградзе запланаваная гульня з сірыйцамі (93-ці нумар рэйтынгу ФІФА).
У кастрычніку расіяне не змаглі знайсці сабе суперніка — адмовілася гуляць каманда Пакістана. Адмяніўся таксама і таварыскі матч з Таджыкістанам.
У 2024 годзе зборнай Расіі ўдалося правесці толькі тры спарынгі — з Беларуссю (97-е месца рэйтынгу ФІФА), Сербіяй (35-е) і В'етнамам (116-е).
Родры атрымаў «Залаты мяч — 2024»
1xBet ладзіць тысячы фіктыўных матчаў, у тым ліку ў Беларусі. На іх зарабляюцца касмічныя сумы
Галоўнага трэнера футбольнай зборнай Казахстана аштрафавалі за непавагу да казахскай мовы
Зорку сусветнага футбола падазраюць у згвалтаванні