Лукашэнка прапануе замацаваць захоп Расіяй часткі Украіны і выдае сябе за палітыка сусветнага значэння
Аляксандр Лукашэнка выступіў на II Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, якая праходзіць у Мінску 31 кастрычніка і 1 лістапада і выкарыстаў пляцоўку напоўніцу.
31.10.2024 / 13:37
Аляксандр Лукашэнка падчас выступу моцна крытыкаваў Захад і рабіў гучныя заявы.
Пра ЗША і міжнародныя інстытуты
Паводле Лукашэнкі, ЗША, нягледзячы на свой патэнцыял, аказаліся няздольнымі быць глабальнай апорай для ўсяго свету. Тое самае з міжнароднымі інстытутамі.
«Паверце, у мяне няма жадання прычэпліваць ярлыкі часоў халоднай вайны. Але гэта відавочны факт, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — А міжнародныя інстытуты? Спытаеце вы. Яны, прызначаныя быць універсальным медыятарам або арбітрам, часта дэманструюць поўны параліч».
Таксама Лукашэнка абвінаваціў Захад у бандытызме.
«Накіраваныя на разбурэнне нацыянальных эканомік, у сапраўднасці санкцыі працуюць супраць простых людзей. У такіх умовах аб якім выкананні абавязацельстваў па Мэтах устойлівага развіцця ААН можа быць размова? Зусім відавочна, што без бандыцкіх забарон і абмежаванняў Захаду свет значна бліжэй падышоў бы да вырашэння гэтых задач», — паскардзіўся ён.
«Маштаб крызісу, які ахапіў планету», паводле Лукашэнкі, «відавочны».
Паводле яго слоў, фактычна не засталося законных міжнародна-прававых інструментаў, якія фарміруюць гарантыі ў сферы ваеннай бяспекі: «Па вялікім рахунку засталося толькі дзве дамовы: аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі і аб стратэгічных наступальных узбраеннях. Ды і тыя не працуюць».
Пра міграцыйны крызіс
Лукашэнка расказаў, якой, на яго думку можа быць развязка міграцыйнага крызісу на граніцы з Еўрапейскім саюзам.
«Калі гаварыць аб міграцыйным крызісе, мы ні ў чым абсалютна не вінаваты», — адразу папярэдзіў ён слухачоў.
Вінаваты ЕС: «Увялі эканамічныя санкцыі, накінулі нам на шыю пятлю і пачалі душыць. І гавораць: вы нас абараняйце ад мігрантаў. Можа, я недыпламатычна, але шчыра і адкрыта сказаў: слухайце, мы не будзем вас абараняць. Мы не будзем, як раней, іх лавіць на гэтай граніцы. Па многіх прычынах: вы разбурылі на Блізкім Усходзе дзяржавы, вы задушылі Афрыку (замест таго, каб дапамагчы Афрыцы на ногі стаць, вы пачынаеце іх бязлітасна эксплуатаваць, увялі неакаланіялізм), вы пачалі вайну ў Афганістане, Іраку і гэтак далей, разбурылі гэтыя дзяржавы. А потым цывілізаваны Захад у сувязі з тым, што няма каму працаваць у Германіі, Францыі і іншых дзяржавах, паклікаў гэтых людзей да сябе. Яны і пайшлі», — паўтарыў сваю версію Лукашэнка.
«Мы шчыра, адкрыта сказалі: з пятлёй на шыі мы перад вамі стаяць на каленях не будзем і лавіць мігрантаў не будзем. Рабіце з імі самі тое, што вы хацелі. Вы хацелі іх уладкаваць на работу — працаўладкоўвайце іх. Але самае галоўнае, вы ж развязалі супраць нас эканамічную вайну, і не толькі эканамічную вайну, чаму мы вас павінны абараняць? Вось і ўся развязка гэтага міграцыйнага крызісу», — намякнуў на адмену санкцый ён.
Пра мірныя перамовы ў вайне з Украінай
Лукашэнка паскардзіўся на праблему фрагментацыі перагаворнага працэсу па Украіне.
«З аднаго боку, запушчаны літаральна марафон мірных ініцыятыў. Мы вітаем любыя намаганні па дээскалацыі абстаноўкі. З іншага — відавочна фрагментацыя перагаворнага працэсу, паколькі розныя краіны аб'ектыўна імкнуцца да рэгіянальных цэнтраў сілы. Гэта ўскладняе пошук прымальных кампрамісаў. Чым хутчэй мы аб'яднаем свае намаганні, тым хутчэй яны будуць знойдзены», — сказаў ён.
Але як бы ні былі арганізаваны перамовы, Лукашэнка настойвае, што ён мусіць быць за сталом перамоваў.
«Наш інтарэс — Мінск павінен быць за перагаворным сталом, калі гэта будзе датычыцца канфлікту ва Украіне. Гэта пытанне гарантыі нашай бяспекі. Больш мы нічога не патрабуем у гэтым плане. Гатовы ў гэтым напрамку працаваць», — сказаў ён.
Паводле Лукашэнкі, «Захад нарэшце зразумеў, што трэба дамаўляцца ва Украіне».
Ён абвінаваціў Уладзіміра Зяленскага ў нежаданні дамаўляцца, «у якога разгуляліся амбіцыі, у той час як вайна ідзе на тэрыторыі яго краіны».
«На полі бою Украіна не пераможа. Гэта ўжо і ўкраінцы разумеюць, і на Захадзе. Ну так трэба рухацца, дамаўляцца. Кожны дзень гінуць тысячы ні ў чым не вінаватых людзей з двух бакоў», — сказаў Лукашэнка.
Пра ядзерную зброю
Лукашэнка заявіў аб неабходнасці вывесці ядзерную зброю ЗША з тэрыторыі Еўразіі.
Калі гэта адбудзецца, «тады і мы ўбаку не застанемся», паабяцаў ён. Такім чынам ён адказаў тым, хто, паводле яго слоў, перажывае за тое, што на тэрыторыі Беларусі размешчана тактычная ядзерная зброя.
Пра «мілітарызацыю планеты»
Лукашэнка традыцыйна прымяраў на сябе ролю міратворца сусветнага маштабу.
«Трэба скінуць баласт ваенных супярэчнасцяў, каб пазбегнуць татальнай мілітарызацыі планеты», — заявіў ён.
«Горшае, што можа зараз здарыцца, — татальная мілітарызацыя планеты. Тады ўспыхне вельмі хутка і з вялізнымі наступствамі для ўсіх нас. Для гэтага ўжо зараз трэба думаць, як скінуць баласт ваенных супярэчнасцей, знайсці новы ключ да вырашэння бягучых праблем і стварыць працуючыя механізмы забеспячэння глабальнай бяспекі», — заявіў ён.