Выкладчыца журфака БДУ: Многія маладыя людзі пераходзяць на беларускую мову, калі няма чаго сказаць арыгінальнага
«Як любы элітарны прадукт беларуская мова мае сваю дастаткова абмежаваную і вузкую мэтавую аўдыторыю».
31.10.2024 / 12:57
Таццяна Саладоўнікава. Скрын відэа: CTVBYvideo / YouTube
Беларуская мова стала тэмай новага выпуску ток-шоу «Да!Но…» на СТБ. Адна з гасцей — загадчыца кафедры міжнароднай журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук Таццяна Саладоўнікава — выказала арыгінальны погляд на сітуацыю з беларускай мовай у нашай краіне.
«Сёння, на жаль (можа быць, на шчасце), але беларуская мова — гэта элітарны прадукт перадусім. Для моладзі гэта паказчык інтэлектуальнасці, інтэлігентнасці. Але як любы элітарны прадукт яна мае сваю дастаткова абмежаваную і вузкую мэтавую аўдыторыю. Гэта, на жаль (ці на шчасце), трэба прызнаць», — заўважыла Саладоўнікава.
Яна задаецца пытаннем: ці гатовае наша грамадства, якое збольшага размаўляе па-руску, прыняць элітарнасць беларускай мовы?
На погляд Саладоўнікаваў, сёння беларуская мова шмат у чым «некалькі спекулятыўная тэма»:
«Многія маладыя людзі пераходзяць на беларускую мову, каб вылучыцца, паказаць сваю выключнасць. Другі момант — гэта вядзенне сацыяльных сетак, блогаў. Калі няма чаго сказаць іншага арыгінальнага, прапанаваць арыгінальны кантэнт, блогеры многія пераходзяць на беларускую мову. Каб звярнуць увагу. І не заўсёды гэта, на жаль, папулярызацыя мовы».
Яе словы абурылі некаторых у студыі.
Цікава, што дагэтуль прафесар журфака БДУ Віктар Іўчанкаў расказваў у ток-шоу, што на працягу чатырох апошніх гадоў цікавасць да беларускай мовы расце. Праўда, прычыну агучыў па-свойму.
«Гэта звязана, відаць, з той сістэмнай працай, якая праводзіцца ў нашай краіне», — сказаў Іўчанкаў.
Колькі цяпер беларускамоўных класаў у Мінску?
Кніга «Мова 404» выйшла ў перакладзе на англійскую мову