Лукашэнка сцвярджае, што ЗША пагражалі Беларусі вайной
Высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік спрабаваў аказаць ціск на Беларусь, каб краіна адмовілася падтрымліваць Расію — такую заяву зрабіў Аляксандр Лукашэнка на Міжнароднай канферэнцыі па бяспецы, што праходзіць у Мінску.
31.10.2024 / 11:52
Паводле слоў Лукашэнкі, нядаўна яму прыйшлося перапісвацца праз пасрэднікаў з адным высокапастаўленым чыноўнікам са Злучаных Штатаў.
«Яны нас палохалі тым, што калі вы не дай бог дапаможаце Расіі і зойдзеце на Украіну праз поўнач, калі вы там нешта там, мы ўвядзём такія санкцыі. Мы з вамі пачнём вайну», — сказаў Лукашэнка.
Паводле слоў Лукашэнкі, у адказ наконт вайны ён напісаў амерыканскаму чыноўніку: «Паспрабуйце».
А што ён напісаў наконт санкцый, не сказаў: «Не буду гаварыць пра адказ», — сказаў ён, бо «мы ж людзі веруючыя».
Імя суразмоўцы Лукашэнка не раскрыў.
Раней ён заяўляў, што 18 кастрычніка правёў перамовы з прадстаўнікамі заходніх дзяржаў.
Ніякай інфармацыі пра гэта з амерыканскага боку не было. У якой ступені яна адпавядае рэчаіснасці, невядома.
У мінулым Аляксандр Лукашэнка не раз пападаўся на заявах, якія не адпавядалі рэчаіснасці і былі заведамай хлуснёй.