Рэспубліканец Арнольд Шварцэнегер падтрымаў Камалу Харыс
Рэспубліканец Арнольд Шварцэнэгер, які стаў губернатарам Каліфорніі як прадстаўнік Рэспубліканскай партыі, раскрытыкаваў у сацсетцы X абедзве вядучыя палітычныя партыі ЗША.
31.10.2024 / 11:34
Фота: Markus Schreiber / AP
«Буду шчырым: цяпер мне не падабаецца ні адна з партый. Мая партыя, рэспубліканцы, забылася пра перавагі свабоднага рынку, павялічыла дэфіцыт і адмаўляе вынікі выбараў. Дэмакраты не лепш спраўляюцца з дэфіцытам, і я занепакоены тым, што іх мясцовая палітыка шкодзіць нашым гарадам, павялічваючы ўзровень злачыннасці», — цытуе яго Bild.
Тым не менш, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў Шварцэнэгер схіляецца ў бок падтрымкі дэмакратаў, бо не можа сказаць нічога добрага пра Дональда Трампа:
«Кандыдат, які не паважае ваш голас, калі ён не ў яго падтрымку; кандыдат, які пасылае сваіх прыхільнікаў штурмаваць Капітолій, а сам назірае за гэтым з дыетычнай колай у руках; кандыдат, які не паказаў здольнасці праводзіць якую-небудзь палітыку, акрамя зніжэння падаткаў, якое выгаднае яго спонсарам і іншым багатым людзям накшталт мяне, але нікому больш; кандыдат, які лічыць амерыканцаў, якія з ім не згодныя, большымі ворагамі, чым Кітай, Расія ці Паўночная Карэя, — ён не вырашыць нашыя праблемы».
Шварцэнэгер лічыць, што ЗША змогуць «рухацца наперад як краіна» толькі з Камалай Харыс і Цімам Уолзам, нават калі ён «не згодны з іх праграмай».
На яго думку, дабрабыт ЗША мае перавагу над партыйнай прыналежнасцю.