Фанату з Магілёва пагражае да дваццаці гадоў калоніі

Як і ўсе справы пра нібыта «здраду дзяржаве» і «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі», гэтая разглядаецца ў атмасферы поўнай сакрэтнасці.

01.11.2024 / 16:01

Сяргей Ціханаў. Фота: fc-dnepr.by

Згодна са звесткамі праекта Digital intelligence team, Сяргею Ціханаву 32 гады. У Магілёўскай вобласці ёсць яшчэ адзін чалавек з такім жа іменем і прозвішчам, але некаторыя факты паказваюць, што гаворка пра таго чалавека, якога мы ідэнтыфікавалі.

Родам ён з горада Слаўгарад Магілёўскай вобласці. Пасля школы адслужыў у арміі ды скончыў прафесійна-тэхнічны ліцэй №3 па спецыяльнасці «тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці». Усё жыццё працаваў на будоўлі.

Вядома, што Сяргей Ціханаў быў фанатам магілёўскага клуба «Днепр». 

Суд над Сяргеем пачнецца 29 кастрычніка ў Магілёўскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць па трох артыкулах — «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК), «удзел у тэрарыстычнай арганізацыі» (ч. 2 арт. 290-5 КК) і «ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК).

Магілёўцу пагражае ад дзесяці да дваццаці гадоў калоніі. Дата затрымання і сутнасць абвінавачанняў невядомыя — у сацыяльнай сетцы «Укантакце» ён быў анлайн прыкладна паўгода таму, а ў тэлеграме — «вельмі даўно». Адзначым, што ягоны тэлеграм-акаўнт прывязаны да яго асабістага беларускага нумара ды шукаецца па ім.

Судзіць яго будзе старшыня Магілёўскага гарадскога суда Ігар Прошка. 

Ігар Прошка. Фота: golk.by

67-гадовая беларуска вярнулася са Швецыі. Цяпер ёй пагражае да дзесяці гадоў турмы

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Айцішніка з-пад Ліды судзяць за «здраду дзяржаве». Ён доўгі час жыў у Германіі, але вярнуўся ў Беларусь

Nashaniva.com