Былога палітвязня з Баранавічаў судзяць са жніўня — яму пагражае да 12 гадоў калоніі

У Брэсцкім абласным судзе з 13 жніўня ідзе суд над 38-гадовым Віталём Коршунам, піша «Вясна».

31.10.2024 / 10:33

Упершыню яго судзілі ў верасні 2021-га за каментар пра тое, што «трэба шукаць адрас нейкага амапаўца». Па версіі самога амапаўца, Сяргея Балабановіча, пасля гэтага допісу ён вельмі спалохаўся, хоць Коршун хутка яго выдаліў. У выніку прадпрымальніку прызначылі два месяцы арышту.

Наступны раз Віталя затрымалі ў студзені 2024 года. Цяпер яму ставіцца ў віну ажно пяць артыкулаў: «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), «арганізацыя масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК), «заклікі да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361) і «распальванне варожасці або варажнечы» (ч. 1 арт. 130 КК).

Пры затрыманні на «пакаяльным відэа» мужчына казаў, што «заклікаў учыняць гвалт над супрацоўнікамі АМАПа, проста на эмоцыях».

Яго справу разглядае Святлана Крамянеўская.

Nashaniva.com