Польскія банкі не адкрылі рахункаў беларусцы з падарожным дакументам

Беларуска Дзіна тры гады жыве ў Польшчы, мае міжнародную абарону. Нядаўна ў жанчыны скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарту і яна атрымала польскі падарожны дакумент. З ім Дзіна пайшла адкрываць рахунак і сутыкнулася з адмовай у трох банках. «Белсат» разбіраўся, чаму.

31.10.2024 / 10:24

Палітыка банкаў

На працягу трох гадоў Дзіна карысталася рахункам у банку PKO. Цяпер беларуска вырашыла набыць кватэру ў Польшчы, а дзеля гэтага трэба пакласці грошы на банкаўскі рахунак. Рабіць гэта ў PKO жанчына палічыла немэтазгодным, таму што, з яе словаў, у гэтым банку пры залічэнні на рахунак наяўных сродкаў, здымаецца 0,5% ад сумы.

«Гэта шмат, калі ты кладзеш немаленькую суму, таму для мяне гэта стала прынцыповым пытаннем», — кажа Дзіна.

Жанчына пайшла ў банкі, дзе ўвогуле ў такой сітуацыі не здымаюць ніякіх адсоткаў — і паўсюль атрымала адмовы.

«Я была ў трох аддзяленнях банку Millenium, у двух — Santander і ў адным — MBank. Ні ў адным не адкрылі. Была надзея, што ў Santander усё ж адкрыюць, але там урэшце сказалі, што нават калі б і адкрылі, то адразу заблакавалі б. Як толькі ў банку бачылі мой падарожны дакумент, адразу казалі, што не адкрыюць. Нават мой дазвол на жыхарства іх не цікавіў. Казалі — у нас такія палітыка, адкрываем толькі з пашпартам. Мне раілі ісці ў PKO, але, як я ўжо казала, ён мне не падыходзіць», — распавядае наша суразмоўца.

Раней сітуацыі, у якой падарожны дакумент стаў бы адмовай для нейкіх аперацыяў, у Дзіны не ўзнікала. Беларуска перажывала, што не зможа з ім купіць і аформіць аўтамабіль, нават звярнулася з гэтым пытаннем ва Упраўленне па справах замежнікаў — там запэўнілі, што праблемы не будзе, машыну купляць можна.

Мы ж запыталі ва Упраўленні, ці можа польскі банк адмовіць у адкрыцці рахунку чалавеку, у якога замест нацыянальнага пашпарту — падарожны дакумент і дазвол на жыхарства ў Польшчы.

«Гэтыя пытанні не знаходзяцца ў сферы кампетэнцыі Упраўлення па справах замежнікаў. Магчыма, у гэтай справе варта звязацца з Камісіяй фінансавага нагляду», — адказалі нам ва Упраўленні.

Прымаецца толькі Жэнеўскі падарожны дакумент

Мы таксама напісалі запыты ў тры банкі, дзе Дзіна атрымала адмовы, і запыталіся — на якой падставе не адкрылі рахункі і што рабіць беларусам, у якіх скончыліся пашпарты, а яны не могуць паехаць за новымі ў Беларусь?

Адказ пакуль прыйшоў толькі з mBank:

«Каб адкрыць рахунак у mBank, замежнік мусіць мець: замежны пашпарт і адзін з трох дакументаў, які дазваляе пражыванне ў Польшчы: дазвол на жыхарства (карту побыту), пасведчанне рэгістрацыі грамадзяніна Еўразвязу ў Польшчы, дакумент, які пацвярджае права на сталае знаходжанне ў краіне ці Жэнеўскі падарожны дакумент разам з дазволам на жыхарства».

Польскі падарожны дакумент у сітуацыі, калі скончыўся нацыянальны пашпарт, mBank на сённяшні дзень прымае, калі асоба з’яўляецца пастаянным кліентам гэтага банка.

«Мы працуем над тым, каб неўзабаве была магчымасць адкрыцця таксама першага рахунку ў нашым банку з польскім падарожным дакументам», — зазначаецца ў адказе.

Як толькі мы атрымаем тлумачэнні з іншых двух банкаў — Santander і Millenium, мы іх таксама апублікуем.

Дзіна — не першая беларуска, якая сутыкнулася з адмовай у адкрыцці рахунку ў польскім банку. Такімі сітуацыямі вядомы Santander, які не адкрываў і нават блакаваў ужо адкрытыя рахункі проста на той падставе, што кліент — грамадзянін Беларусі.

Банк PKO, які лічыцца самым лаяльным да беларусаў, нядаўна змяніў правілы адкрыцця рахунку — цяпер для гэтага патрэбны працоўны кантракт у Польшчы.

Nashaniva.com