ЗША нанеслі ўдар па лагерах баевікоў у Сірыі

Паводле ацэнак вайскоўцаў, знішчана да 35 баевікоў

31.10.2024 / 07:55

Амерыканскія вайскоўцы на гэтым тыдні нанеслі авіяўдары па некалькіх лагерах «Ісламскай дзяржавы» ў Сірыйскай пустыні, у выніку чаго было знішчана да 35 баевікоў групоўкі. Пра гэта паведаміла ў сераду Цэнтральнае камандаванне ЗША (CENTCOM).

Камандаванне заявіла, што мэтай удараў, нанесеных у панядзелак, былі высокапастаўленыя лідары «Ісламскай дзяржавы». Сама групоўка была прызнаная Злучанымі Штатамі тэрарыстычнай.

Паводле CENTCOM, ахвяр сярод цывільнага насельніцтва не было.

Удары з'яўляюцца часткай намаганняў ЗША і саюзнікаў па паслабленні аператыўнага патэнцыялу ІЛ, мэта якіх — прадухіленне будучых нападаў супраць цывільнага насельніцтва, Злучаных Штатаў, а таксама іх саюзнікаў і партнёраў у рэгіёне.

Гэта не першыя ўдары амерыканскіх вайскоўцаў па лагерах «Ісламскай дзяржавы» ў Сірыі ў гэтым месяцы. Так, напрыклад, CENTCOM паведамляла пра ўдары, нанесеныя 11 кастрычніка; паводле ацэнак камандавання, тады таксама абышлося без ахвяр сярод мірных жыхароў.

Nashaniva.com