Яшын, Навальная і Кара-Мурза правядуць у Берліне марш за мір

Расійскія апазіцыйныя палітыкі Ілья Яшын і Уладзімір Кара-Мурза, а таксама ўдава загінулага ў расійскай калоніі палітыка Аляксея Навальнага Юлія Навальная правядуць 17 лістапада ў Берліне антываенную дэманстрацыю, піша Deutsche Welle.

30.10.2024 / 15:21

Фота: unsplash.com / Håkon Sataøen

«Гэта будзе марш з патрабаваннем вывесці расійскія войскі з Украіны, судзіць Уладзіміра Пуціна як ваеннага злачынцу і вызваліць усіх палітвязняў», — заявіў Яшын у сацсетках у сераду.

Палітыкі заклікалі ўдзельнічаць у антываенным руху

Яшын нагадаў, што ў РФ цяпер «няма магчымасці праводзіць легальныя акцыі пратэсту». «Але мы ўсё яшчэ можам паказаць, што мірная, свабодная і цывілізаваная Расія існуе. Мы існуем, мы не маўчым і мы дзейнічаем разам», — напісаў ён. Ілья Яшын заклікаў тых, у каго ёсць такая магчымасць, прыехаць у Берлін і прыняць удзел у маршы. «Станьце побач з намі і ўдзельнічайце ў антываенным руху», — дадаў ён.

У сваю чаргу Юлія Навальная апублікавала відэа, у якім разам з Яшыным і Кара-Мурзой заклікала прыняць удзел у берлінскай акцыі. У гэтым відэа прапануецца «заглянуць у будучыню», у якой Расія «жыве ў міры са сваімі суседзямі» і «гарантуе сваім грамадзянам свабоду, справядлівасць і бяспеку».

«Гэтым маршам мы хочам не толькі аб’яднаць дэмакратычныя і антываенныя сілы, але і падтрымаць нашых суграмадзян у Расіі, якія знаходзяцца ў закладніках у пуцінскага рэжыму», — заявілі апазіцыянеры. На старонцы акцыі ў Facebook пазначана, што яна пачнецца а 14-й гадзіне (16.00 па Мінску).

Nashaniva.com