Праграму сямейнага капіталу падоўжылі на пяць гадоў
30 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падоўжыў дзеянне праграмы сямейнага капіталу на наступныя пяць гадоў, з 2025 па 2029 год. Захоўваюцца і ўмовы для прызначэння такіх выплат, паведамляе ягоная прэс-служба.
30.10.2024 / 13:38
Дакумент пашырае магчымасці выкарыстання грошай сямейнага капіталу для паляпшэння жыллёвых умоў. Даецца права датэрміновага выкарыстання сродкаў пры будаўніцтве жылля незалежна ад накіравання мясцовых органаў улады. Таксама ў агульную плошчу жылля, якое належыць сям'і, не будуць улічвацца памяшканні, якія не адпавядаюць санітарным і тэхнічным патрабаванням.
Акрамя таго, прадугледжана магчымасць датэрміновага выкарыстання сродкаў на набыццё долі жылых памяшканняў, калі ў сям'і ўжо ёсць долі ў гэтых жылых памяшканнях.
Дазваляецца таксама датэрмінова выкарыстоўваць сродкі сямейнага капіталу для пагашэння крэдытаў, выдадзеных па дагаворах аб рэфінансаванні крэдытаў на будаўніцтва, рэканструкцыю, набыццё жылых памяшканняў, долі (доляў) у праве ўласнасці на іх.
Акрамя таго, указ упершыню замацоўвае правы дзяцей на жыллё, пабудаванае або набытае з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу, у тым ліку ў выпадку разводу бацькоў.
Пры выкарыстанні сямейнага капіталу на адукацыю з’яўляецца магчымасць аплаціць навучанне за наступны навучальны год, зараз гэта дазволена толькі за гэты і папярэдні гады. Пашыраецца таксама спіс сродкаў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў, якія можна набыць з выкарыстаннем сямейнага капіталу.
Дакумент таксама прадастаўляе права на прызначэнне сямейнага капіталу замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, пры ўмове атрымання імі грамадзянства не пазней аднаго года з дня нараджэння (усынаўлення, удачарэння) трэцяга і наступных дзяцей.
На 1 верасня ў Беларусі было адкрыта больш за 140,5 тыс. дэпазітных рахункаў «Сямейны капітал».
Яго прызначаюць шматдзетным сем’ям пры нараджэнні, усынаўленні або ўдачарэнні трэцяга ці наступнага дзіцяці.
З 1 студзеня сума складае 31 480 рублёў.