У Гродне правераць бяспеку Замкавай гары — каб Стары замак не споўз у Нёман

Разлічыць устойлівасць схілу, дзе стаіць Стары замак, хочуць у Гродне. Работы правядуць у рамках рэстаўрацыі і прыстасавання замка пад гісторыка-археалагічны музей, піша Hrodna.life.

30.10.2024 / 08:54

Grodno.in

«Інстытут Гроднаграмадзянпраект» праводзіць перамовы па выбары субпадрадчыкаў. Колькі будзе каштаваць паслуга, пакуль не паведамляецца. Выберуць таго, хто прапануе найменшую цану.

Раней Старому замку пагражалі апоўзні

«Схілы пагоркаў Старога і Новага замкаў, некалі ўмацаваныя каранямі кустоў і дрэў, сёння знаходзяцца ў пагрозлівым стане», — пісаў пра стан схілу краязнаўца Віктар Саяпін яшчэ 10 гадоў таму. Ён успамінаў выпадкі апоўзняў з XIX і пачатку XX стагоддзя.

Напрыклад, у 1926 годзе абрынуўся фрагмент Новага замка, а ў 1927 — частка гары Старога замка. Тады зямля асыпалася з-пад ног польскага салдата і ад падзення ў Нёман яго выратаваў калючы дрот, за які ён зачапіўся і павіс.

«Для прадухілення падобнай драмы, якая разгулялася ў сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя, неабходна прымаць неадкладныя меры па ўмацаванні схілаў абодвух пагоркаў. Для гэтага можна выкарыстоўваць ужо правераныя часам тэхналогіі», — лічыў Саяпін.

Nashaniva.com