Леанід Кучма: «Лукашэнка сёння — не самастойны, але моцны гулец»
Былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма даў інтэрв'ю агенцтву «Інтэрфакс-Украіна», у якім сярод іншага закрануў пытанне ўзаемадзеяння з Лукашэнкам у прыватнасці і з Беларуссю ў цэлым.
29.10.2024 / 23:06
Леанід Кучма. Фота: Інтэрфакс-Украіна
Адказваючы на пытанне, ці магчымыя пасля вайны эканамічныя кантакты Украіны з Расіяй, Леанід Кучма адказаў, што яны для Украіны «не толькі магчымыя, а абсалютна неабходныя! Інакш як мы будзем атрымліваць рэпарацыі?»
Пасля таго яму задалі пытанне адносна Беларусі і Лукашэнкі. Як Украіне будаваць адносіны з імі падчас вайны і пасля яе заканчэння? І наколькі Лукашэнка застаецца самастойнай фігурай?
На гэта былы прэзідэнт Украіны адказаў так:
«Я думаю, што ўкраінскае кіраўніцтва вельмі правільна выбрала цяперашнюю мадэль адносін з Беларуссю. Нягледзячы на тое, адкуль пачыналася гэтая вайна і як увесь час выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю Расія.
Усе ўсё разумеюць. Усе ўсё бачаць. Ніхто нічога не забыўся. Але абодва бакі робяць выгляд, што добрасумленна выконваюць узброены нейтралітэт. І на гэты момант гэта правільна.
Мне здаецца, што ўкраінцы гістарычна былі гатовыя да таго, што нашым адкрытым ворагам стала Расія. Занадта шмат Масковія рабіла ў далёкім і нядаўнім мінулым такога, што дазваляла чакаць гэтага. Але Беларусь раней ніколі не давала падстаў глядзець на сябе як на патэнцыйнага ворага.
У адрозненне ад рускіх, з якімі мы пражылі ў адной дзяржаве толькі крыху больш за тры стагоддзі, з беларусамі мы былі разам і ў Вялікім Княстве Літоўскім, і ў старажытнай Рэчы Паспалітай, а раз'ядналіся толькі з распадам Савецкага Саюза.
Я вырас на гістарычным памежжы трох усходнеславянскіх народаў, і ў мяшанай мове майго дзяцінства быў значны беларускі складнік, чаго я тады яшчэ не разумеў. А вось што я разумеў з першых дзён свайго палітычнага жыцця, дык гэта неабходнасць захавання нашай блізкасці з беларускім народам.
Менавіта таму, стаўшы прэзідэнтам, я ўвесь час падтрымліваў высокі ўзровень палітычных і эканамічных адносін з Беларуссю, непасрэдна кантактаваў з Лукашэнкам.
У адрозненне ад маіх стасункаў з [прэзідэнтам Польшчы] Квасьнеўскім, з якім я сустракаўся амаль гэтак жа часта, сяброўства паміж мной і Лукашэнкам не было. Я наогул не ўпэўнены, ці ёсць у яго сябры. Але я хацеў, каб сябравалі нашы народы і дзяржавы, і тады гэта ўдавалася.
Лукашэнка патрэбен Пуціну. Беларусь для Пуціна стратэгічна неацэнная — і для вайны супраць нас, і для патэнцыйна непазбежнай канфрантацыі з Захадам. Лукашэнка ж сёння эфектыўна кантралюе сваю краіну, для чаго ў самога Пуціна не хапіла б рэсурсу. Таму я б сказаў, што Лукашэнка сёння — не самастойны, але моцны гулец.
Парадокс у тым, што Лукашэнка двойчы несамастойны — ён залежыць яшчэ і ад Кітая, а не толькі ад РФ. Гэтакі слуга двух паноў. Але гэта дае яму магчымасці манеўраваць, час ад часу выкарыстоўваючы несупадзенне інтарэсаў і супярэчнасці паміж Пекінам і Масквой. Ці вялікі патэнцыял у такой гульні? Паглядзім.
Што ж тычыцца стасункаў з Беларуссю пасля вайны. Тут, як і ў многіх іншых пытаннях, усё залежыць ад таго, як і калі скончыцца гэтая вайна».
Леанід Кучма быў прэзідэнтам Украіны ў 1994-2005 гадах. Прыйшоў ён да ўлады ва Украіне практычна ў той жа самы час, як і Лукашэнка ў Беларусі, з розніцай фактычна ў тыдзень. Але сістэма, збудаваная ім ва Украіне, не была рэжымам аднаасобнай улады, таму пасля заканчэння двух адведзеных Канстытуцыяй тэрмінаў прэзідэнцтва ён мусіў пайсці ў адстаўку, нават не здолеўшы ў той час перадаць уладу свайму пераемніку — Віктару Януковічу. Пасля таго Кучма ў актыўнае палітычнае жыццё, звязанае са змаганнем за ўладу, не вяртаўся.
Кучма: Ва Украіны больш няма брата. Расія — гэта Каін
Лукашэнка расказаў байку, як ледзь-ледзь не напісаў для Украіны канстытуцыю