Спевака Ap$ent абвінавацілі, што ён кінуў музыкаў на грошы. У таго іншая версія
Леанід Несцярук, былы гітарыст Nizkiz, напісаў у твітары, што папулярны спявак Ap$ent пазваў музыкаў у тур, але не заплаціў ім столькі, на колькі дамаўляліся.
29.10.2024 / 18:28
Ap$ent. Фота: асабісты архіў
Леанід піша, што музыкам абяцалі аплату мінімум у 200 еўра за кожны выступ. А калі канцэрт самаакупіцца і выйдзе ў плюс, то яшчэ і дадатковы працэнт. На пачатак тура было чатыры пацверджаныя выступы і некалькі на стадыі ўзгаднення, маглі з’явіцца і новыя выступы.
Першы канцэрт, лічыць Несцярук, прайшоў цудоўна, але пасля музыкі атрымалі ад Арсенія Кісляка (так насамрэч завуць спевака Ap$ent) непрыемны сюрпрыз:
«Чуем — так і так, па 500 злотых (прыкладна 115 еўра. — НН), але ўзяць іх зможам, толькі калі наступныя тры хаця б у нуль з’ездзім. Музыкі, натуральна, абурыліся. Бо, па-першае, абяцаў іншае, і па-другое, гукач, светавік і г.д. атрымалі колькі трэба, а чым сесійныя музыкі адрозніваюцца?»
Далей, піша Леанід, Ap$ent казаў музыкам, што для яго іх «фінансавыя прад’явы зневажальныя» і ён не вінаваты, што ў музыкаў складаная сітуацыя з грашыма.
Кісляк нібыта папракаў музыкаў, што яны не прайшлі тэст на сяброўства і казаў, што яму выгадней адмяніць канцэрты і заплаціць арганізатарам няўстойку, чым плаціць музыкам, колькі дамаўляліся. У выніку, піша Несцярук, музыкі атрымалі па 200 еўра, і на гэтым разышліся.
Ap$ent адказаў на абвінавачванні ў сваім акаўнце ў Х:
«Пацешна даведацца пра інсінуацыі аб тым, што я кагосьці «кінуў», ад чалавека, які гатоўкай ад мяне атрымаў 300$ з кішэні, проста таму што пачакаць, пакуль арганізатар разлічыцца, ім у падлу аказалася. Гэта не ўлічваючы, што я ў**аў 1500$ грошай і, што важней, 6 месяцаў свайго часу на «прафесіяналаў», якія 15 песень гэтыя паўгода не маглі развучыць.
Калектыў быў распушчаны праз тое, што я метадычна расчароўваўся ў музыках як у людзях, і плёткі Лёні даказваюць, што я меў рацыю».
Арсеній піша, што сесійным (то-бок канцэртным) музыкам у гэтай гісторыі быў толькі адзін, і гэта не Несцярук. Гэты музыка, паводле словаў Ap$ent, прыйшоў на першую ж рэпетыцыю гатовым, і рэпер плаціў яму за кожную рэпетыцыю, пакуль астатнія музыкі вучылі партыі.
Мінімум 200 еўра, наколькі памятае Ap$ent, агучвалі толькі аднаму чалавеку. Паводле яго слоў, музыкі не прыходзілі да яго менавіта на тур, гарады і даты выступаў з’явіліся потым. А датычна самога Несцярука Арсеній напісаў, што гітарыст яму «па факце і не патрэбны быў».
J:морс святкуе 25-годдзе. Згадваем топ песень гурта
Удавец Надзеі Мялешка расказаў пра новае каханне