Вызваліўся беларускі злодзей у законе Паштэт

З магілёўскай турмы ў кастрычніку вызваліўся 42-гадовы мінскі злодзей у законе Павел Аляксяевіч, больш вядомы ў крымінальным асяроддзі як Паштэт. Пра гэта паведаміў сайт «Прайм Крайм», які спецыялізуецца на крымінальнай тэматыцы.

28.10.2024 / 22:02

Павел Алексяевіч (Паштэт)

Гэтым разам крымінальны аўтарытэт сядзеў «усяго» тры гады, а пасадзілі яго за хуліганства. Агулам жа турэмны стаж Паштэта дасягнуў ужо 20 гадоў.

У канцы жніўня 2021 года чацвёра прыхільнікаў крымінальнага аўтарытэта ў Барысаве збілі 40-гадовага мужчыну. Жорсткі напад быў здзейснены каля ўваходу ў гіпермаркет, на вачах наведвальнікаў і работнікаў гандлёвага аб'екта. Неўзабаве пасля таго Паштэт быў арыштаваны і трапіў пад суд.

Усяго ж за сваё 42-гадовае жыццё Павел Аляксяевіч судзіўся шэсць разоў, уключаючы два тэрміны па прысудах расійскіх судоў, калі ўжо значыўся ў крымінальнай іерархіі злодзеем у законе.

Цяпер Аляксяевіч нібыта жыве ў Мінску, яму ўстанавілі нагляд тэрмінам на 1 год.

Відаць, ён стаў другім злодзеем у законе, які жыве на тэрыторыі Беларусі. Першы — гэта Мядзведзеў па мянушцы Медзвяжонак, калі той яшчэ не выехаў за мяжу. Пра яго начальнік ГУБАЗіКа Андрэй Ананенка ў сакавіку 2024 года гаварыў, што той «разумее, што ў выпадку парушэння пэўных чырвоных ліній ён зноў хутка вернецца за краты».

Увогуле ж галоўны губазікавец тады казаў, што пад пільнай увагай ягоных супрацоўнікаў заставаліся шэсць «злодзеяў у законе», трое з якіх адбывалі пакаранне ў месцах зняволення. Пры гэтым двое былі вымушаныя выехаць за межы Беларусі, таму што, маўляў, «ім было некамфортна тут знаходзіцца з прычыны праводзімых намі прафілактычных мерапрыемстваў».

ГУБАЗіК: Мы вызначылі чырвоныя лініі для злодзея ў законе «Медзвяжонка»

З Івацэвіцкай калоніі вызваліўся вядомы беларускі «злодзей у законе»

Банды 90-х. Як выглядалі ўдзельнікі беларускіх злачынных груповак ШМАТ ФОТА

Nashaniva.com