З Беларусі сыходзіць амерыканскі таксі-сэрвіс

Амерыканскі сэрвіс таксі Lyft ліквідуе беларускую юрыдычную асобу «Ліфт БіЭлЭр». Такая інфармацыя з’явілася на сайце Адзінага дзяржаўнага рэгістра.

28.10.2024 / 15:57

Афіцыйны працэс ліквідацыі кампаніі быў запушчаны 14 кастрычніка па рашэнні ўладальніка. Аб намеры Lyft спыніць бізнэс у Беларусі стала вядома яшчэ ў лютым, піша Devby.io.

Сэрвіс таксі прыняў рашэнне карэктаваць свае планы «з-за геапалітычнай сітуацыі ў Беларусі» і звязаных з гэтым рызык, распавядалі супрацоўнікі на ўмовах ананімнасці.

Кампанія ў адказе на запыт devby тады паведаміла аб рашэнні «скараціць прысутнасць у Беларусі», але не згадвала аб закрыцці.

— Гэта будзе адбывацца ў некалькі этапаў на працягу 2024 года, многія члены каманды змогуць далей аказваць паслугі Lyft. Мы цэнім уклад каманды з Беларусі, і наш прыярытэт — падтрымаць іх у працэсе выбару далейшага шляху, — адзначалі ў Lyft.

Паводле інфармацыі devby, частка супрацоўнікаў мінскага офіса зможа працягнуць працу ў Польшчы. Lyft паведаміла супрацоўнікам, што не плануе адкрываць юрыдычную асобу ў Польшчы, а будзе працаваць праз Poland PEO.

PEO (Professional Employer Organization) — гэта знешняя платформа, якая прадстаўляе паслугі аўтсорсінгу HR для кліентаў B2B, дазваляючы кампаніям наймаць супрацоўнікаў па ўсім свеце, выконваючы ўсе патрабаванні і пазбягаючы неабходнасці ствараць замежную юрыдычную асобу.

Nashaniva.com