У Рэчыцы распачаўся чарговы суд над палітзняволенай Вікторыяй Кульшай. Ужо чацверты

У судзе Рэчыцкага раёна 28 кастрычніка Вікторыю Кульшу трэці раз пачалі судзіць паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі), паведамляе «Вясна».

28.10.2024 / 11:23

Справу будзе разглядаць суддзя Станіслаў Іванюценка, які 15 кастрычніка па гэтым жа артыкуле дадаў год калоніі палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк. 

У лютым 2021 года Вікторыю асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі і накіравалі адбываць тэрмін у гомельскую жаночую калонію № 4.

Пазней Вікторыю двойчы асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК і прызначылі ёй агулам два гады пазбаўлення волі. Увесь час у зняволенні на жанчыну аказваецца ціск. Яе неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар і ПКТ.

Nashaniva.com