Губарэвіч адправіў у ЦВК дакументы для ўдзелу ў выбарах

Кіраўнік ліквідаванага ўладамі Руху «За свабоду» паведаміў у сацсетках, што збіраецца ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года.

28.10.2024 / 01:03

«Даслаў у ЦВК заяву, спіс ініцыятыўнай групы і іншыя дакументы, неабходныя для рэгістрацыі ў якасці кандыдата на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Фармальных абмежаванняў не маю. Крымінальныя справы заводзіліся, але ніводная з іх так і не была даведзена да рашэння суда.

Сабраць 100 тысячаў подпісаў сярод 300 — 500 тыcяч пакінуўшых Беларусь грамадзян лічу цалкам магчымым. Паглядзім, што далей будзе», — напісаў Губарэвіч у фэйсбуку.

Насамрэч, фармальныя абмежаванні ёсць. Пасля зменаў у Канстытуцыю, якія Лукашэнка ўнёс у 2022 годзе, кандыдат у прэзідэнты павінен пражыць не менш за 20 гадоў у Беларусі непасрэдна перад выбарамі і не мець ДНЖ іншай краіны.

Юрась Губарэвіч вылучаў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары ў 2020 годзе. У чэрвені таго года быў асуджаны на 15 сутак за «несанкцыянаванае пікетаванне», пасля чаго лідар Руху «За свабоду» зняўся з выбараў.

Сёння Губарэвіч з'яўляецца Адказным па пытаннях рэгіянальнага развіцця ў Нацыянальным антыкрызісным упраўленні.

Nashaniva.com