Камандуючы ССА заявіў, што вайсковы спецназ гатовы да выбараў

Генерал Вадзім Дзенісенка запэўніў, што пры патрэбе вайскоўцы сіл спецаперацый гатовыя зноў душыць любую незадаволенасць народа. 

27.10.2024 / 21:50

На тэлеканале СТБ выйшла інтэрв'ю з камандуючым Сіл спецыяльных аперацый УС РБ Вадзімам Дзенісенкам. Генерала спыталі і пра выбары, якія пройдуць праз тры месяцы.

«Я спадзяюся, што гэтыя выбары ў нас будуць праходзіць спакойна, планава, як у рэспубліцы заўсёды існавала. Будзе неабходнасць — значыцца, будзем працаваць, мы гатовыя», — заявіў Дзенісенка.

Вайсковы спецназ браў удзел у задушэнні пратэстаў 2020 года. 11 жніўня ў Брэсце пратэстовец Генадзь Шутаў быў застрэлены капітанам брыгады ССА з Мар'інай Горкі Раманам Гаўрылавым. На судзе, які прызнаў вінаватым Шутава, стала вядома, што генерал Дзенісенка аддаў загад выдаць афіцэрам спецназа баявую зброю і высунуцца ў падмацаванне АМАПу.

Nashaniva.com