Шрайбман назваў краіны, якія маглі б весці перамовы з Лукашэнкам

Аналітык мяркуе, што ЕС такія перамовы весці не стане.

28.10.2024 / 07:00

Аляксандр Лукашэнка збіраецца на сёмы тэрмін. Фота: Gavriil Grigorov Sputnik Kremlin Pool Photo via AP

У новым выпуску ток-шоу «Гадзіннічак цікае» сярод іншага абмяркоўвалася пытанне, хто на Захадзе гатовы быў бы размаўляць з рэжымам.

«Пры ўсёй павазе да ЕС, гэты суб'ект мы можам выносіць за дужкі. Брусэль — гэта не суб'ект, які будзе з Лукашэнкам весці перамовы вакол і пасля гэтых выбараў», — выказаў сваё меркаванне аналітык Арцём Шрайбман.

Як ён патлумачыў, гэта немагчыма бюракратычна:

«У цябе надта шмат унутры краін, якім пляваць на Беларусь. (…) Яны проста будуць плыць у фарватары існуючай палітыкі, пакуль не адбудзецца нешта радыкальнае.

А ёсць краіны, каторыя дастаткова жорстка супраць змены гэтай палітыкі. І пакуль ёсць такое жорсткае лобі супраць любых не проста перамоваў, а нават гнуткасці афіцыйнай сённяшняй пазіцыі ЕС, то хто будзе старацца і навошта яго пераадольваць? У цябе ёсць Польшча, Літва, Латвія, Швецыя, ну магчыма, ужо і Германія з гэтага боку. І ўсе з адным падыходам.

Калі ты нейкая ўмоўная Славакія, нават калі ты Італія — вялікая краіна, так табе патрэбны Лукашэнка, каб ладзіць унутры ЕС нейкія скандалы на гэтую тэму? Не. Проста бюракратычна гэты механізм не прыстасаваны для тонкай настройкі».

Шрайбман адзначае, што размаўляць з Лукашэнкам могуць толькі асобныя краіны. «Для мяне суб'екты ляжаць у двухбаковых адносінах. Гэта Вашынгтон, Варшава (калі захочуць нейкія лакальныя [пытанні] па Пачобуту, пагранпераходах), Лондан.

Брытанія больш не звязана еўрапейскай палітыкай. І нядаўна з'ехаў пасол з Мінска. Зараз прыехаў часовы павераны. І ў прынцыпе, калі яны захочуць, яны могуць паспрабаваць пагандлявацца адносна прыезду пасла. Напрыклад, каб выпусціць людзей».

Арцём Шрайбман. Скрын відэа: chasiki_ / YouTube

Аналітык заўважае, што ў Вялікабрытанія няма такой жорсткай пазіцыі, як у ЕС і асобных краін Захаду:

«Афіцыйная пазіцыя Вялікабрытаніі па Беларусі — гэта як афіцыйная пазіцыя Вялікабрытаніі па Руандзе, Мазамбіку. Гэта нешта настолькі трэццяроднае, што пазіцыя можа выпрацоўвацца сярэднім узроўнем бюракратыі па меры таго, якіх мэтаў цяпер можна дасягнуць.

Пазіцыя ёсць у Польшчы, Літвы, ЗША. Брытанія, такія краіны, якія далёкія, у якіх ёсць некаторы люфт, яны могуць усё ж такі быць больш гнуткімі менавіта з-за таго, што Беларусь для іх не так важная».

Шрайбман даследуе сімптомы беларускасці. Выходзіць новае кіно з айчыннымі селебрыці

Шрайбман патлумачыў, чым лідарства Ціханоўскай важнае для альтэрнатыўнай Беларусі

Шрайбман дае каментары толькі тым расійскім медыя, якія гатовыя за гэта данаціць Украіне

Nashaniva.com