Старшыня ЦВК спрагназаваў, колькі прозвішчаў будзе ў бюлетэні на прэзідэнцкіх выбарах 

Ігар Карпенка панаракаў, што ўсім патэнцыйным кандыдатам трэба было пачынаць рыхтавацца яшчэ ў 2020 годзе.

27.10.2024 / 19:13

Ігар Карпенка. Скрыншот з відэа АНТ.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка ў інтэрв'ю АНТ паразважаў пра пачатак электаральнай кампаніі. Сярод іншага, яго спыталі, колькі кандыдатаў ён чакае.

«Мне складана прагназаваць. На стадыі збору подпісаў можа быць 5-6 груп. Хто рэальна збярэ — у агульнай колькасці можа быць у бюлетэні 3-4 прозвішчы», — сказаў Карпенка.

Ён таксама панаракаў на прэтэнзіі, што засталося мала часу для падрыхтоўкі патэнцыйных кандыдатаў да выбараў.

«Трэба было сур'ёзна над гэтым працаваць, а не чакаць, калі будзе аб'яўленая дата выбараў, а потым крычаць голасам, што мы не гатовы, мы яшчэ не паспеем, дайце нам яшчэ месяц», — падкрэсліў старшыня ЦВК.

Нагадаем, што на мінулым тыдні была зацверджаная дата чарговых выбараў — 26 студзеня 2025 года, за паўгода да канца бягучага тэрміна. На гэты момант толькі адна ініцыятыўная група падала дакументы на рэгістрацыю кандыдатам — група Аляксандра Лукашэнкі. Пра сваё жаданне ўзяць удзел у выбарах выказаліся Алег Гайдукевіч і Ганна Канапацкая

Nashaniva.com