Улады запусцілі флэшмоб: работнікі і вайскоўцы просяць Лукашэнку балатавацца ВІДЭА

Такім чынам аўтары спрабуюць нацягнуць на даўно зробленае рашэнне дэманстрацыю яе масавага ўхвалення.

27.10.2024 / 18:34

У тэлеграм-каналах «Беларуснафты» і Міністэрства абароны Беларусі з'явіліся амаль ідэнтычныя відэа. Яны пачынаюцца аднолькава — з кавалка інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі расійскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай. Яна пытае пра вылучэнне на чарговыя выбары, а яе суразмоўца какетліва адказвае, што пойдзе, калі яго прыхільнікі скажуць «трэба».

Далей ідзе відэашэраг, на якім розныя людзі вымаўляюць слова «Трэба».

У роліку вайскоўцаў не абышлося без традыцыйнага крынджу — вайскоўцы выстраіліся ў выглядзе слова «Надо».

Сярод удзельнікаў відэа — дэсантнік з Мар'інай Горкі Андрэй Шарупіч.

Андрэй Шарупіч. Скрыншот з відэа.

У 2022 годзе ён здымаўся яшчэ ў адным прапагандысцкім роліку — адказу ўкраінскім вайскоўцам, якія заклікалі не выконваць злачынныя загады і не ўступаць у вайну.

Можна меркаваць, што з набліжэннем 26 студзеня колькасць падобнага кантэнту будзе толькі расці.

Nashaniva.com