Работнік пункта выдачы маркетплэйса амаль год забіраў сабе тавары, што вярталі пакупнікі. Вось колькі яму прысудзілі

Нястачу выявілі толькі калі пункт закрыўся.

27.10.2024 / 17:17

Ілюстрацыйнае фота.

У пракуратуры Маскоўскага раёна расказалі аб прысудзе 22-гадоваму мінчуку, якога прызналі вінаватым у прысабечванні даверанай маёмасці.

Хлопец працаваў у пункце выдачы анлайн-крамы. З ліпеня 2023 па красавік 2024 года ён забіраў сабе тавары, ад куплі якіх адмаўляліся пакупнікі. Маладзён прысабечваў адзенне, абутак, касметыку і парфуму, настольныя гульні і нават жаночыя пракладкі. Пасля гэтага ён прадаваў усё гэта на анлайн-пляцоўках. 

Таксама менеджар прапаноўваў кліентам пералічваць грошы за пакупкі непасрэдна яму на картку, а ён у абмен ставіў у асабістым кабінеце статус адмовы ад тавараў.

Нястачу каля 300 пазіцый выявілі падчас інвентарызацыі перад закрыццём. Хлопец паабяцаў кампенсаваць сабекошт скрадзенага, але перастаў выходзіць на сувязь. Пасля гэтага працадаўца звярнуўся ў міліцыю.

Мінчука знайшлі і асудзілі па крымінальнай справе. Ён часткова прызнаў віну, але шкоду не кампенсаваў. У выніку яго асудзілі на 2,5 гады «хіміі» са штрафам 4 тысячы рублёў. Таксама асуджаны мусіць сплаціць кампенсацыю кампаніі ў памеры 13 тысяч рублёў.

Nashaniva.com