У беларускіх санаторыях зробяць спецыяльныя нумары для пэўнай катэгорыі людзей

У такой магчымасці асабліва зацікаўлены прыватныя санаторыі.

26.10.2024 / 13:17

delfin-tour.com

У санаторыях Беларусі ўводзяць нумары для асаблівых адпачывальнікаў. Пра гэта распавёў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі ў Нацыянальным прэс-цэнтры, піша Tochka.by.

Па яго словах, у такой магчымасці асабліва зацікаўлены прыватныя здраўніцы.

Балбатоўскі анансаваў, што ў некалькіх месцах адпачынку будуць адкрыты нумары для прыёму гасцей з гадаванцамі. Напрыклад, яны з'явяцца ўжо ў 2024 годзе ў «Альфа Радоне» і ў «Плісе».

Пакуль гэта не масавая з'ява, бо «ў розных уласнікаў свае аргументы». Пры тым удакладніў, што здраўніцы рухаюцца ў гэтым кірунку.

Акрамя таго, Генадзь Балбатоўскі заявіў, што ў Беларусі ў хуткім часе могуць адкрыцца новыя санаторыі.

Паводле яго слоў, пералік месцаў для магчымай пабудовы новых санаторыяў ужо распрацаваны. У яго ўвайшлі лакацыі, якія прывязаныя да прыродных лячэбных фактараў. Цяпер такіх месцаў некалькі дзясяткаў, ідзе пошук інвестараў.

Nashaniva.com