У Латвіі беларусцы адмовілі ў прытулку, але суд вынес іншае рашэнне

Адміністрацыйны раённы суд у кастрычніку пастанавіў надаць статус уцекача ў Латвіі беларусцы, насуперак рашэнню Упраўлення па справах грамадзянства і міграцыі (PMLP), піша Tvnet.lv.

26.10.2024 / 12:44

У мінулым годзе грамадзянка Беларусі звярнулася ў Дзяржаўную памежную ахову з просьбай аб прадастаўленні статусу ўцекача або альтэрнатыўнага статусу.

У сваёй заяве, анкеце і падчас інтэрв'ю яна адзначыла, што просіць прытулку, бо не можа вярнуцца ў Беларусь з-за пераследу яе і яе мужа за іх палітычныя погляды. Заяўніца і яе муж удзельнічалі ў мітынгах і акцыях пратэсту супраць Лукашэнкі.

Нягледзячы на тое, што яе мужа пакаралі, яму ўдалося пакінуць Беларусь. У доме быў праведзены ператрус, яе дапытвалі. Пазней муж дапамог ёй пакінуць Беларусь, бо заставацца там было небяспечна.

PMLP адмовіла жанчыне ў прадастаўленні статусу ўцекача. Адным з аргументаў, выказаных PMLP, было тое, што дзеянні, зробленыя ў дачыненні да жанчыны беларускімі ўладамі, не з'яўляюцца пераследам у кантэксце закона аб прытулку.

Не пагадзіўшыся з рашэннем упраўлення, жанчына звярнулася ў суд.

Вывучыўшы інфармацыю, суд устанавіў, напрыклад, што жанчыну двойчы падвяргалі ператрусам, калі яна яшчэ знаходзілася ў Беларусі, а таксама некалькі разоў дапытвалі ў сувязі з крымінальнай справай супраць яе мужа.

Суд прыйшоў да высновы, што ёсць падставы меркаваць, што беларускія ўлады могуць лічыць заяўніцу сябрам палітычных апазіцыйных арганізацый, якія дзейнічаюць за мяжой, і таму прыняць у дачыненні да яе несуразмерныя меры.

Такім чынам, суд лічыць, што ў дадзеным выпадку заяўніца, хутчэй за ўсё, будзе пераследавацца па палітычных матывах у выпадку яе вяртання ў Беларусь, і таму яе апасенні наконт пераследу з боку ўладаў варта лічыць абгрунтаванымі.

У святле вышэйсказанага суд абавязаў PMLP прыняць рашэнне аб прадастаўленні статусу ўцекача ў Латвіі на працягу аднаго месяца з дня ўступлення рашэння ў сілу.

Nashaniva.com