Як вяскоўцы перарабляюць сваіх двухколавых коней у электраровары

Электраровары набываюць усё большую папулярнасць, але, нягледзячы на перавагі, яны пакуль яшчэ не ўсім па кішэні. Зрэшты, ўмельцы хутка сарыентаваліся і паспяхова «кляпаюць» гэтыя тэхнічныя навінкі дома самі. Дакладней, перарабляюць у «электра» звычайныя дарожныя ровары, піша сайт «Першы».

25.10.2024 / 18:41

Сяргей, жыхар адной з вёсак Бярозаўскага раёна, першы свой электраровар купіў некалькі гадоў таму. Ён ацаніў яго выгоды, вывучыў рынак, і вырашыў у гэтым годзе мадэрнізаваць два хатнія звычайныя ровары — свой і жончын.

Цяпер ёсць нямала беларускіх інтэрнэт-крам, якія прапануюць увесь камплект дэталяў для такіх работ. Галоўнае — гэта матор-кола — функцыянальны электрарухавік, які ўбудаваны ў кола электравеласіпеда. А для працы матора, г. зн. яго сілкавання — акумулятарная батарэя. Сяргей расказаў «Першаму», што ён робіць далей.

«Дыяметр кола выбіраеш сам, у залежнасці ад свайго ровара, — расказвае Сяргей. — Матор-кола проста ўстаўляецца ў вілку і прыкручваецца як звычайнае кола. Адрозніваецца яно толькі наяўнасцю матора і большай трываласцю. Акумулятар мацуеш да рамы або проста кладзеш у кошык на рулі або багажніку.

Ручкі газу бываюць трох тыпаў — матацыклетная, палавінная і курковая. Матацыклетная — калі круціцца ўся ручка цалкам, як у матацыкле; палавінная або на паўрукі — круціцца толькі палова ручкі; курковая — калі сама ручка не круціцца, а кіраванне робіцца вялікім або ўказальным пальцам. Сабе я выбраў курковы тып.

Адзін з электраровараў Сяргея

Неяк вёз на сваім электраровары з матацыклетнай ручкай кошык яек. На нейкім грудку падскочыў, рука рэфлекторна сціснула ручку, ровар ірвануў, у выніку я ўпаў, а яйкі разбіліся. Таму курок бяспечнейшы за ўсё, ціснеш на яго адным пальцам, а рукі цалкам кантралююць руль.

Акрамя таго, ручкі газу бываюць з дадатковымі элементамі — кнопкамі пераключэння хуткасцяў, уключэння святла, сігналу, дысплеямі і г. д. — усё гэта ўжо можна падбіраць на сайтах у залежнасці ад таго, чаму аддаяце перавагу.

Што тычыцца магутнасці матора — 350 Вт для горада ці для вёскі хопіць вам з лішкам. Мой 350-ватны ровар з мяшком бульбы на багажніку прэ як трактар!

Што па грашах?

Набор кола плюс акумулятар на 14 ампер-гадзін абышоўся мне ў 1250 рублёў, з іх кола каштавала 600 рублёў. Усе дэталі прывёз кур'ер, дастаўка ў вёску каштуе 15-18 рублёў. Калі купляць гатовы электраровар, то каштуе ён мінімум на тысячу рублёў даражэй. Вядома, у ім больш магутная рама, і выглядае ён больш самавіта, але я цалкам задаволены сваім самаробным.

Пры жаданні яго можна яшчэ зрабіць таннейшым. Адзін мой знаёмы сам сабраў батарэю з акумулятараў для шурупакрута. Але тут трэба ведаць трохі электрыку.

Я не згадаў і такую дэталь, як кантролер — гэта электронны блок для сувязі матора з акумулятарам, але калі вы звернецеся ў краму за наборам для пераробкі ровара, то вам там падкажуць найбольш прыдатны, ці абмяркуйце гэтыя дэталі са знаёмым электрыкам.

Мы з жонкай ад'ездзілі сезон на сваіх самаробных электрароварах і ў нас толькі станоўчыя ацэнкі. Пры жаданні можам ехаць на іх як на звычайных роварах».

Памятаеце шпіёнскую ручку, якую знайшла дома жыхарка Рагачова? Там жа знайшлі і дзіўны самаробны пісталет

«Раз — і заходзіш чыстым». Мінчукі паказалі самаробную прыладу, якая дапамагае пазбавіцца ад бруду перад уваходам у пад'езд

«Кібертабурэтка» ў адказ на «Кібертрак» Ілана Маска. У Баранавічах хлопец стварае незвычайную электратэхніку

Nashaniva.com