Арцём Жога, які папрасіў Пуціна балатавацца на новы тэрмін, прызначаны ў Раду бяспекі Расіі

Узвышэнне былога камандзіра данецкіх сепаратыстаў працягваецца.

25.10.2024 / 16:53

Уладзімір Пуцін і Арцём Жога (справа) на сустрэчы ў Крамлі, 8 снежня 2023 года. Фота: Wikimedia Commons

Экс-камандзір падраздзялення данецкіх прарасійскіх сепаратыстаў «Спарта» Арцём Жога ўключаны ў Раду бяспекі Расіі. Такое рашэнне прыняў Уладзімір Пуцін.

Пра ўзвышэнне былога данецкага сепаратыста «Наша Ніва» ўжо расказвала. У снежні 2023 года менавіта Жога на сустрэчы з Пуціным спытаўся, ці збіраецца той вылучацца на новы тэрмін. Пуцін адказаў станоўча. Праз год Жога атрымаў вялікае прызначэнне — ён стаў паўнамоцным прадстаўніком прэзідэнта ў стратэгічна важнай Уральскай федэральнай акрузе.

Жога быў актыўным удзельнікам прарасійскага сепаратысцкага руху на Данбасе, разам з сынам Уладзімірам ён з 2014 года ваяваў у падраздзяленні «Спарта» Матаролы.

Пасля забойства камандзіра батальён узначаліў Уладзімір Жога, які ўжо ў пачатку поўнамаштабнай вайны таксама быў забіты пад Аўдзееўкай. Тады падраздзяленнем стаў камандаваць ужо сам Арцём Жога. Праваабаронцы і ўкраінскія ўлады абвінавачваюць «Спарту» ў ваенных злачынствах, у тым ліку ў пакараннях смерцю ваеннапалонных.

У 2023-м Жога ўпершыню сустрэўся з Пуціным, які асабіста перадаў яму зорку Героя Расеі, якой пасмяротна ўзнагародзілі Уладзіміра Жогу. Пасля гэтага Жога-бацька ўвайшоў у генеральную раду «Адзінай Расіі» і ўзначаліў Народную раду «ДНР».

Хто такі Арцём Жога і чаму Пуцін яго так узвысіў?

Ілан Маск мог весці сакрэтныя размовы з Уладзімірам Пуціным

«Пры чым тут US?!» На саміце БРІКС дзяржсакратара «саюзнай дзяржавы» ледзь не зрабілі амерыканцам

Nashaniva.com