Беларусы папрасілі назваць адну з вуліц Мінска імем Ніла Гілевіча. Што адказалі ўлады

На партале «Зручны горад» з'явілася петыцыя, у якой беларусы папрасілі назваць адну з вуліц Мінска імем Ніла Гілевіча.

25.10.2024 / 15:29

«Просім увекавечыць імя народнага паэта Ніла Гілевіча на карце Мінска, прысвоіўшы яго імя адной з вуліц горада, у гонар яго ўнёску ў беларускую літаратуру і культуру. 30 верасня 2024 года спаўняецца роўна 93 гады з дня нараджэння вядомага народнага паэта Беларусі, перакладчыка, літаратуразнаўцы, фалькларыста, грамадскага дзеяча Ніла Гілевіча. Мы, жыхары і госці горада Мінска, уважліва азнаёміліся з яго біяграфіяй і прыйшлі да высновы, што варта ўвекавечыць яго імя на карце горада Мінска», — гаворыцца ў звароце.

Днямі з упраўлення культуры Мінгарвыканкама прыйшоў адказ за подпісам начальніка ўпраўлення Кацярыны Лучыны. І прынамсі гэта не адмова. 

«Пытанне аб прысваенні імя Ніла Гілевіча адной з вуліц г. Мінска можа быць разгледжана камісіяй ва вызначаным заканадаўствам парадку пры наяўнасці зваротаў забудоўшчыкаў тэрыторыі горада, адміністрацый раёнаў г. Мінска, РУП «Мінскае гарадское агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры», іншых арганізацый. 

Дадаткова паведамляем, што імя Ніла Гілевіча ўключана ў спіс прапаноў па найменні новых вуліц сталіцы», — гаворыцца ў абнадзейлівым адказе.

Nashaniva.com