Зяленскі адмовіўся прыняць генсака ААН пасля візіту таго ў Расію

Уладзімір Зяленскі адмовіўся ад візіту генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша ва Украіну праз яго ўдзел у саміце БРІКС, піша AFP са спасылкай на крыніцы ў офісе прэзідэнта Украіны.

25.10.2024 / 15:11

«Пасля Казані Гутэрыш хацеў прыехаць ва Украіну, але прэзідэнт не пацвердзіў візіт. Таму Гутэрыша тут не будзе, менавіта з-за прыніжэння здаровага сэнсу і міжнароднага права ў Казані», — сказаў суразмоўца агенцтва.

На саміце БРІКС, арганізаваным Расіяй у Казані, Гутэрыш заклікаў да «справядлівага міру» ва Украіне і спынення вайны. Падчас перамоў з Пуціным Гутэрыш паўтарыў, што «расійскае ўварванне ва Украіну было парушэннем Статута ААН і міжнароднага права», гаворыцца ў заяве ААН.

Саміт стаў найбуйнейшай дыпламатычнай падзеяй у Расіі пасля ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года. МЗС Украіны раскрытыкаваў рашэнне Гутэрыша наведаць Казань і адзначыў, што ён не прысутнічаў на мірным саміце, арганізаваным Украінай у Швейцарыі ў чэрвені.

Nashaniva.com